Адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя да 500-годдзя беларускай Бібліі і Рэфармацыі
21.12.2017
Адбылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя да 500-годдзя беларускай Бібліі і Рэфармацыі

У межах святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі і 500-годдзя Рэфармацыі Мінская багаслоўская семінарыя Саюза ЕХБ сумесна з Тэалагічным інстытутам ХВЕ правялі міжнародную навукова-практычную канферэнцыю.

Гэта ўжо трэці міжнародны навуковы форум пад назвай “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”. Першая канферэнцыя адбылася ў 2013 г. і была прымеркавана да 600-годдзя евангельскага руху ў Беларусі, другая ‑ у 2015 г. і была прысвечана 500-годдзю Мікалая Радзівіла Чорнага.

На трэцяй канферэнцыі, якая прайшла 9 снежня 2017 г., былі прадстаўлены даклады даследчыкаў з Беларусі (Мінск, Брэст, Гродна, Гомель, Маладзечна), Польшчы, Літвы, Эстоніі, ЗША і Вялікабрытаніі. У якасці слухачоў у працы канферэнцыі ўдзельнічалі студэнты Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза ЕХБ і Тэалагічнага інстытута ХВЕ, а таксама шэраг зацікаўленых гасцей.

Пленарнае пасяджэнне адкрыў рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі Леанід Міховіч, які адзначыў, што юбілеі беларускай Бібліі і Рэфармацыі ў гісторыі Беларусі цесна звязаныя паміж сабой, ‑ паколькі адной з галоўных ідэяў рэфарматараў была ідэя перакладу Святога Пісання на родную мову сваіх народаў.

Пасля ўрачыстага адкрыцця, з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся старшыня Саюза ЕХБ у Беларусі Віктар Круцько, епіскап Аб’яднанай Царквы ХВЕ ў Беларусі Сяргей Цвор і генеральны сакратар Еўрапейскай баптысцкай федэрацыі Тоні Пэк.

У рамках пленарнага пасяджэння была праведзена прэзентацыя спецыяльнага нумару часопіса АРХЭ, прысвечанага 500-годдзю беларускай Бібліі і кнігі Уладзіміра Русецкага “Пастар Станіслаў Нядзьвецкі і евангельскае прабуджэнне на паўночным захадзе Беларусі”.

Сімвалічным было тое, што на пленарнай сесіі адбыўся ўрачысты абмен выданнямі паміж Мінскай багаслоўскай семінарыяй Саюза ЕХБ і Тэалагічным інстытутам ХВЕ з аднаго боку, і Вышэйшай баптысцкай тэалагічнай семінарыяй у Варшаве з другога.

Пленарны даклад на тэму “Францыск Скарына ў вачах сучасьнікаў і нашчадкаў: трансфармацыя вобразу”прачытаўпастар Царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун.

 Пасля заканчэння пленарнага пасяджэння адбылося ўрачыстае наданне малой зале Царквы ЕХБ “Святло Евангелля” імя Францыска Скарыны. З кароткай прамовай каля мемарыяльнай шыльды Ф. Скарыны выступіў Леанід Міховіч.

Працоўная частка канферэнцыі праходзіла ў рамках 3 секцый: “Евангельская Царква Беларусі ў еўрапейскім кантэксце: ад XV да канца XVIII ст.”, “Евангельская Царква Беларусі ў прававым полі Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы” і “Гісторыя Евангельскай Царквы Беларусі ў кантэксце падзей ХХ – ХХІ ст.”. Падчас працы секцый было агучана 24 даклады, якія закраналі самыя розныя пытанні гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі, беларускай і заходнееўрапейскай Рэфармацыі, перакладаў Бібліі на беларускую і іншыя мовы. У ходзе працы секцый навукоўцы змаглі абмяняцца новымі звесткамі, інфармацыяй пра новыя публікацыі па гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі і інш.

З заключным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся старшыня Міжканфесійнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва “Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь” Аляксандр Фірысюк. Ён адзначыў важнасць Слова Божага ў жыцці беларускага народа, пра што пісалі многія паэты і пісьменнікі, а таксама заклікаў усіх прысутных маліцца за Беларусь.

Правядзенне наступнай навукова-практычнай канферэнцыі запланавана на 7 снежня 2019 г. Яна будзе прысвечана Вялікаму евангельскаму прабуджэнню 1920-х гадоў у Беларусі.

 Дар’я Шэіна, Кацярына Унучак, Марына Багародзь

Просмотров: 4625 
Последние новости
14.03.2024
22.02.2024
24.12.2023
18.11.2023
28.10.2023