Міжнародная выстава “Беларусь і Біблія”. Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 20 верасня – 21 кастычніка 2018 г. Відэа.
09.10.2018
Міжнародная выстава “Беларусь і Біблія”. Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 20 верасня – 21 кастычніка 2018 г. Відэа.

Экспанаты гэтай выставы, сабраныя з прыватных і дзяржаўных калекцый ЗША, Вялікабрытаніі, Ізраіля і калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, даюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з сусветнай і беларускай гісторыяй Бібліі.
Слова “Біблія” ў перакладзе з грэцкай мовы азначае “Кнігі”. Па колькасці публікацый Біблія пераўзыходзіць любую іншую кнігу. Паводле прыблізных ацэнак у свеце надрукавана больш за 6 мільярдаў Біблій. Уся Біблія, або яе часткі перакладзена больш чым на 3200 моў, і праца над яе перакладамі працягваецца.
Выстава дзеліцца на 15 частак. Першая частка “ГІСТОРЫЯ І КАНТЭКСТ СВЯТОГА ПІСАННЯ” паказвае развіццё старажытнай пісьмовасці на Блізкім Усходзе і ў Грэцыі. Тут змешчаны клінапісныя таблічкі з Месапатаміі, а таксама фрагменты рукапісаў “Іліяды” Гамера і баек Эзопа. Людзі Старажытнага свету стварылі многія літаратурныя шэдэўры імкнучыся адказаць на пытанне ў чым сэнс жыцця чалавека. Тут  змешчаны арыгіналы рукапісаў, якія датуюцца І стагоддзем пасля Н.Х. Рукапісаў напісаных самім Гамерам і Эзопам не захавалася.
У другой частцы выставы “СУВОІ МЁРТВАГА МОРА І НАЙСТАРАЖЫТНЕЙШЫЯ РУКАПІСЫ СТАРОГА ЗАПАВЕТУ” знаходзяцца ўласна біблійныя тэксты – скруткі Мёртвага мора. Скруткі былі знойдзеныя ў пячоры Кумран, каля Мёртвага мора. Яны  датуюцца трэцім стагоддзем да Н.Х. і першым стагоддзем пасля Н.Х. Гэта найбольш раннія тэксты Старога Запавету, арыгіналы якіх дайшлі да нас,   усяго каля 300 фрагментаў, якія сведчаць пра нязменнасць біблійнага тэксту і даказваюць яго ўнікальнасць у параўнанні з іншымі кнігамі. Тут прадстаўленыя кнігі прарока Ісаі, Абакума, Эклізіяста і інш., а таксама каментары да кнігі Ісаі. Усе рукапісы былі створаны на пергаменце і напісаныя на іўрыце.
Трэцяя частка выставы называецца “РУКАПІСЫ НОВАГА ЗАПАВЕТУ”. Калі кнігі Старога Запавету распавядаюць пра стварэньне сьвету, грэхападзенне чалавека, гісторыю герояў веры, выхад народу ізраільскага з егіпецкага рабства і інш. то кнігі Новага Запавету апавядаюць пра Ісуса Хрыста і адкупленне грахоў, стварэнне хрысціянскай царквы і канчатковую перамогу дабра над злом. Тут змешчаны папірус ІІ стагоддзя – арыгінал 1 Паслання апостала Паўла да Карынцянаў – адзін з самых старажытных у свеце рукапісаў Новага Запавету. Таксама Сінайскі кодэкс, які з’яўляецца найбольш старажытным поўным тэкстам Бібліі на грэцкай мове. Часткі гэтага кодэкса захоўваюцца ў 4 краінах: Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі і Егіпце. Таксама тут ёсць копія Александрыйскага кодэксу, які ўключае ў сябе амаль поўны тэкст Бібліі на грэцкай мове, а яго стваральнікі выкарыстоўвалі адмысловыя ўпрыгожванні для абазначэння частак тэксту.
Чацвёртая частка выставы “СЯРЭДНЯВЕЧНЫЯ МАНУСКРЫПТЫ НА СТАРАЖЫТНЫХ МОВАХ” пераносіць нас у Сярэднія вякі, час, калі многія народы і краіны прынялі хрысціянства і іх жыццё стала грунтавацца на Бібліі. Тут найперш прадстаўлены Евангеллі, якія апавядаюць пра Ісуса Хрыста. Тут ёсць арыгінал і копія Евангелляў IV і V ст. створаных у Егіпце. Яны перакладзеныя на копцкую мову – мову егіпецкіх хрысціян. Таксама тут ёсць рукапісная Біблія на лацінскай мове, створаная двума пісцамі ў Парыжы ў ХІІІ ст. Лацінамоўная Біблія ці Вульгата – першы поўны пераклад Бібліі з арыгінальных моў. У Заходняй Еўропе ім карысталіся больш за 100 год. Фрагмент Евангелля паводле Яна на армянскай мове – гэта арыгінал на пергаменце, які датуецца прыкладна 900 годам і з’яўляецца адным з самых ранніх прыкладаў армянскай пісьмовасці. Цікава, што армянскі алфавіт, як і многія іншыя быў створаны армянскімі хрысціянамі для перакладу Бібліі на сваю родную мову.
Далей ідуць Торы – пяцікніжжжы Майсея XVI і XVII ст. Гэта пяпяровыя скруткі – Тора на арабскай мове і Тадж-Тора. Тадж-Тора цікавая тым, што створана адначасова на іўрыце, арабскай і арамейскай мовах, яна была запісана ў Емене і ўключае каментары, якія паказваюць, наколькі каштоўнай была Біблія для габрэяў.
Пятая частка выставы “БІБЛЕЙСКІЯ КНІЖНЫЯ ТРАДЫЦЫІ ЎСХОДУ І ЗАХАДУ” паказвае гісторыю Торы ў розных частках свету. Тут змешчаны два пергаментныя Пяцікніжжы з Фесалонікаў у Грэцыі. Яны датуюцца XVII ст. А таксама дзве пергаментныя Торы з Іраку і Грузіі, і дзве пергаментныя Торы XVII ст. з Узбекістану. Усе гэтыя біблійныя тэксты напісаныя на іўрыце і чыталіся ў сінагогах кожную суботу. Калі рукапіс прыходзіў у нягоднасць яго не выкідвалі, а змяшчалі ў адмысловы архіў-сховішча, таму частка старажытных Тораў дайшла да нас. Таксама тут ёсць унікальная індыйская Тора і цік. Цік – гэта футарал з каштоўных металаў у яім захоўвалася Слова Божае. Таксама тут знаходзіцца кітайскі рукапіс Евангелля паводле Яна, які датуецца 1960-мі гадамі. Гэты рукапіс сведчыць пра прагу людзей мець слова Божае ў камуністычным Кітаі, у той час, калі Біблія была забаронена і яе перапісвалі ад рукі на маленькіх кавалках паперы.
У шостай частцы выставы “ПЕРШАДРУКАВАНЫЯ БІБЛЕЙСКІЯ ТЭКСТЫ”, мы пераходзім ад эпохі рукапісаў у эпоху друку. Першай друкаванай кнігай у свеце была Біблія Гутэнберга, а першай друкаванай кнігай у Беларусі была Біблія Скарыны. Тут размешчана старонка з Бібліі Гутэнберга з тэкстам Паслання апостала Паўла да Філіпійцаў. Гэта арыгінал, надрукаваны ў 1455 г. на лацінскай мове. Таксама тут ёсць факсімільнае выданне ўсёй Бібліі Гутэнберга.
Сёмая частка выставы “SOLA SCRIРTURA – ЕЎРАПЕЙСКАЯ РЭФАРМАЦЫЯ”, прысвечана адной з найважнейшых з’яваў у сусветнай гісторыі. Рэфармацыя вярнула еўрапейскія народы да жыцця паводле біблійных стандартаў і дала магчымасць кожнаму народу мець Слова Божае на сваёй мове. Ёган Гутэнберг друкаваў Біблію на лацінскай мове, але ў той і ранейшы час у Еўропе ўжо пачалі з’яўляцца нацыянальныя пераклады Бібліі. Тут змешчаны “Пралог да Бібліі Ўікліфа” Джона Пярві. Джон Уікліф, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта, быў першым перакладчыкам Бібліі на англійскую мову, а Джон Пярві быў рэдактарам яго перакладу і аўтарам уступу да Бібліі Ўікліфа 1382 г. Мэтай гэтых двух вучоных было даць магчымасць самастойна чытаць Біблію кожнаму адукаванаму англічаніну.
Наступная друкаваная кніга мае назву “Гус і сабор у Канстанцы” Петруса дэ Младэнавіча. Кніга выйшла ў Францыі ў 1529 г. на лацінскай і чэшскай мовах. Выданне прысвечана жыццю і дзейнасці Яна Гуса, прафесара Пражскага ўніверсітэта, святара, перакладчыка Бібліі на чэшскую мову. Ян Гус быў асуджаны і спалены на вогнішчы за тое, што крытыкаваў тагачасную царкоўную ерархію, якая адыйшла ад біблійных прынцыпаў.
Адной з галоўных прычынаў пакарання смерцю Гуса была крытыка ім індульгенцый – адпушчэння грахоў за грошы. Тут таксама змешчаны 95 тэзісаў супраць індульгенцый прафесара Вітэнбергскага ўніверсітэта Марціна Лютара, якія ён прыбіў да брамы сабора ў Вітэнбергу 31 кастрычніка 1517 г. Лютар казаў, што індульгенцыі не адпавядаюць Бібліі. Пачаўся агульнаеўрапейскі рух Рэфармацыі, які закрануў і нашу краіну. А 31 кастрычніка стала святочным днём   Днём Рэфармацыі.
Рымскі папа Леў Х даў Лютару 60 дзён, каб адклікаць 95 тэзісаў. Але Марцін Лютар не адрокся ад сваіх поглядаў паколькі яны грунтаваліся на Слове Божым. І каб кожны немец мог у гэтым пераканацца ён пачаў перакладаць Святое Пісанне на нямецкую мову. Тут таксама змешчаны арыгінал Новага Запавету ў перакладзе Лютара 1526 г. Лютар рабіў гэты пераклада з мовы арыгінала і мова яго перакладу сур’ёзна паўплывала на літаратурны стандарт нямецкай мовы. Тут жа знаходзіцца і Стары Запавет у перакладзе Лютара з каляровымі ілюстрацыямі.
Восьмая частка выставы “ПЕРШЫЯ ПЕРАКЛАДЫ БІБЛІІ НА НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МОВЫ”, паказвае нялёгкі шлях перакладчыкаў і перакладаў Слова Божага. Многія людзі аддалі сваё жыццё, каб іх народы мелі Пісанне на роднай мове. Тут прадстаўлены Псальмы і Дзесяць прыказанняў у перакладзе на англійскую мову пачатку XVI ст. У 1536 г. з’яўляецца друкаваны пераклад Святога Пісання на аглійскую мову аўтарства Ўільяма Ціндэйла. За пераклад Бібліі на родную мову і яго публікацыю Ціндэйл быў пакараны смерцю.
Таксама тут ёсць рукапіс англійскага Псалтыра, які насілі на поясе, для таго, каб мець магчымасць прачытаць урывак з Бібліі ў любы час і ў любым месцы. Біблія Кавердэйла, надрукаваная на англійскай мове ў Бельгіі. Майлс Кавердэйл абапіраўся ў сваім перакладзе на працу Ціндэйла і Лютара, што паказвае агульнаеўрапейскі кантэкст біблійных перакладаў на нацыянальныя мовы.
Біблія Мэцью – апублікаваная ў 1537 г. Джанам Роджэрсам пад псеўданімам Томас Мэцью. За гэтую публікацыю англійскай Бібліі Джон Роджэрс быў спалены на вогнішчы.
 “Вялікая Біблія” 1539 г. была створана на замову каталіцкага ерарха Томаса Кромвеля. Вялікая Біблія з’яўляецца першым афіцыйным выданнем Бібліі па-англійску, што адкрыла дарогу да масавага друку Бібліі на роднай мове англічан. На Бібліі прымацаваны ланцуг – гэта сведчанне таго, што Біблія захоўвалася ў старажытнай бібліятэцы і была прымацавана ланцугом да стала. Чытач не насіў кнігу, а ішоў да стала дзе яна ляжыць. Гэта рабілася для таго, каб не пашкодзіць кнігу.
Дзявятая частка выставы “КНІГА КНІГ – УПЛЫВОВЫЯ ПЕРАКЛАДЫ НОВАГА ЧАСУ” адкрываецца Жэнеўскай Бібліяй 1560 г. Гэта яшчэ адзін англійскі пераклад створаны англійскімі пратэстантамі, якія ўцяклі ў Швейцарыю ад рэпрэсій каралевы-каталічкі Марыі І Крывавай. Гэта першы англійскі пераклад, які быў падзелены на вершы і ўтрымліваў шмалікія каментары. Жэнеўская Біблія стала настолькі папулярнай, што ў супрацьвагу ёй у Англіі была надрукавага Біскупская Біблія, якая стала базавым тэкстам англіканскай царквы, паколькі Жэнеўская Біблія лічылася кальвінісцкай.
Таксама тут знаходзяцца першая друкаваная ўкраінская кніга   Астрожская Біблія 1581 г. і польскі каталіцкі пераклад Бібліі ксяндза Якуба Вуека. Біблія Вуека стала асноўным польскім перакладам Святога Пісання да 1965 г., калі з’явілася Біблія Тысячагоддзя.
Таксама тут размешчаны Пор-Раяльская Біблія 1711 г. – самы папулярны французскі пераклад, і Елізавецінская Біблія 1757 г., тэкст якой з нязначнымі праўкамі да гэтага часу выкарыстоўваецца для набажэнстваў у Рускай Праваслаўнай Царкве.
У час Рэфармацыі і перакладу Святога Пісання на нацыянальныя мовы асабліва пашыраюцца шматмоўныя Бібліі. Дзясятую частку выставы можна назваць “ПАЛІГЛОТЫ – ШМАТМОЎНЫЯ БІБЛІІ”. Слова паліглота азначае “шматмоўная”. Тут знаходзіцца Камплютэнская паліглота, надрукаваная ў пачатку XVI ст. у Іспаніі. Тэкст дадзены паралельна на іўрыце, грэцкай, арамейскай і лацінскай мовах, з лацінскімі перакладамі, слоўнікамі і дапаможнымі матэрыяламі. Уяўляе сабой шэдэўр навуковай думкі і мастацтва кнігадрукавання. У другой палове XVI ст. выйшла Антверпенская паліглота Антверпенская паліглота, якая была надрукавана вядомым кнігадрукаром Хрыстоферам Плантэнам у васьмі тамах. Стары Запавет меў 4 тамы, 5-ы том   гэта Новы Запавет, том 6 змяшчаў поўную Біблію, у двух апошніх тамах былі слоўнікі. Побач размешчаны Парыская і Лонданская паліглоты.
У адзінаццатай частцы выставы, якая называецца “ІЛЮСТРАВАННЫЯ БІБЛІІ” адлюстравана тэма Апакалілсісу. Апакаліпсіс    грэцкае слова, якое азначае Адкрыццё. Найбольш вядомы з ілюстратараў XV XVI ст. быў Альбрэхт Дзюрэр. Апакаліпсіс, выкананы Альбрэхтам Дзюрэрам і апублікаваны ў 1497 – 1498 гг., уяўляе сабой поўную драматызму серыю з 15 гравюр, якія прымушаюць па-новаму паглядзець на знаёмыя выявы Апакаліпсіса. Яны натхнілі вялікую колькасць пазнейшых мастакоў. Таксама тут змешчана Біблія Густава Дарэ з ілюстрацыямі да Апакаліпсісу. “Вершнік на белым кані” ХІХ ст. быў вядомым французскім мастаком і гравёрам. Найбольш прыбытковай працай была серыя з 241 ілюстрацыі для Вялікай Бібліі горада Тура. Ілюстрацыі капіявалі безліч разоў, яны мелі вялікі ўплыў на візуальнае мастацтва і масавую культуру. Дарэ выканаў 4 ілюстрацыі на тэму Апакаліпсісу, у тым ліку і бледнага каня, які сімвалізуе сабой смерць. Таксама тут размешчана Біблія з ілюстрацыямі Сальвадор Далі. Сальвадор Далі быў вядомым іспанскім мастаком сюррэалістам. Ён не менш за тры разы ствараў уражвальныя выявы вершнікаў Апакаліпсісу. Найбольш драматычным было палатно, напісанае ў 1970 годзе, якое і прадстаўлена тут.
Дванаццатая частка нашай выставы – “БІБЛЕЙСКІЯ РУКАПІСЫ Ў БЕЛАРУСІ”. Першай беларускай рукапіснай кнігай было Тураўскае Евангелле ХІ ст. Яно напісана на пергамеце на царкоўнаславянскай мове. Захавалася толькі 10 аркушаў, знойдзеных у Тураве ў 1865 г. Гэта копія, арыгінал захоўваецца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
Таксама тут размешчана Полацкае Евангелле канца ХІІ – пачатаку ХІІІ ст. – старажытны помнік кніжнай культуры Беларусі на царкоўнаславянскай мове, напісаны  прыгожым уставам (даўняй формай кірыліцы) на пергаменце. Запісы і нататкі на палях Евангелля захавалі асаблівасці жывога слова таго часу, калі адбывалася фармаванне беларускай мовы.
Таксама тут размешчана Евангелле апракас пачатку XVI ст. Апракас   гэта некананічны парадак размяшчэння чатырох Евангелляў, які паявіўся ў Сярэдніх вяках. Тэксты Евангелляў-апракас размяшчаліся не ў звычайнай паслядоўнасці, а згодна з тыднёвымі царкоўнымі чытаннямі. Гэтая рукапісная кніга з’явілася ўжо ў час, калі быў вынайдзены друк. Побач з ім знаходзіцца рукапіснае Евангелле-тэтр з фонду бібліятэкі, створанае ў 2-й палове XVI ст. Тэкст напісаны ўкраінскім паўуставам, які нагадвае Перасопніцкае Евангелле. Пераплёт кнігі зроблены з бардовай скуры і драўляных дошак і ўпрыгожаны цісненнем расліннага арнаменту.
І нарэшце адзін з самых славутых беларускіх рукапісных тэкстаў Бібліі XVI ст. – Слукае Евангелле. Напісана ўласнаручна князем Юрыем Алелькавічам на царкоўнаславянскай мове. Мае раскошнае мастацкае аздабленне. Падчас Другой сусветнай вайны Слуцкае Евангелле было вывезена з Магілёўскага дзяржаўнага музея і доўгі час лічылася страчаным.  Рукапіс цудам захаваўся. У  2003 г. быў перададзены ў  Мінскую епархію.
Трынаццаты раздзел выставы – “СТАРАДРУКАВАНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ БІБЛІІ”. Тут знаходзяцца біблейскія выданні Скарыны. Францыск Скарына сваю выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе ў 1517 г., дзе надрукаваў не менш за 23 кнігі Старога Запавету пад агульнай назвай «Библия руска». Пераклад Скарыны не мае вядомых аналагаў і, відавочна, быў зроблены самім беларускім першадрукаром. Важнай каштоўнасцю пражскіх выданняў Францыска Скарыны з’яўляюцца яго аўтарскія прадмовы і пасляслоўі да кожнай з кніг, а таксама адна агульная «Прадмова да ўсёй Бібліі». Таму мы па праву можам назваць Скрыну чалавекам Бібліі.
Таксама тут размешчана славутая Берасцейская або Радзівілаўская Біблія. Яна выйшла ў Берасці ў 1563 г. за кошт канцлера Мікалая Радзівіла Чорнага, якога называюць апосталам беларускай Рэфармацыі. Паколькі ён прыняў вучэнне Лютара і Кальвіна, якія абвяшчалі, што жыццё чалавека і грамадства павінна грунтавацца на Бібліі. Гэта адзін з першых поўных перакладаў новага часу з арыгінальных моў: іўрыта і грэцкай мовы. Самая вялікая і багата аформленая беларуская друкаваная кніга XVI ст.
Тут жа змешчаны шэраг беларускамоўных старадрукаў – Евангелле Пятра Мсціслаўца, Евангелле вучыцельнае і Апостал Спірыдона Собаля. Выданне Апостала ажыццёўлена ў Магілёве выдатным беларускім друкаром, асветнікам і перакладчыкам Спірыдонам Собалем, заснавальнікам друкарняў у Кіеве (1628 г.), Куцейне (1635 г.) і Буйнічах (1635 г.). Гэты асобнік пэўны час захоўваўся ў бібліятэцы Полацкага Сафійскага сабора, аб чым сведчыць уладальніцкі запіс.
Аднак беларускамоўная біблійная традыцыя практычна спынілася ў XVII ст. і аднавілалася толькі ў ХХ ст. на хвалях беларускага нацыянальнага адраджэння. Чатырнаццатая частка выставы – “СУЧАСНЫЯ ПЕРАКЛАДЫ БІБЛІІ НА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ”. Тут знаходзіцца “Нядзельнае Евангелле і навукі” ксяндза Ільдэфонса Бобіча, якое выйшла ў Вільні ў 1921 г. Гэта першае выданне на сучаснай беларускай мове, якое ўключала біблійныя ўрыўкі. Кніга выйшла ў 3 частках пад рэдакцыяй ксяндза Адама Станкевіча. Гэтыя кнігі доўгі час заставаліся адзіным падручнікам Слова Божага на беларускай мове.
Першыя асобныя выданні біблійных тэкстаў па-беларуску ажыццявіў баптысцкі пастар з Берасця Лукаш Дзекуць-Малей. Тут размешчаны Евангеллі ў перакладзе Л. Дзекуць-Малея, якія выйшлі ў Лодзі ў 1926 1928 гг. Варта адзначыць, што біблійныя пераклады Л. Дзекуць-Малей рабіў разам з вядомым дзеячам беларускага нацыянальнага руху Антонам Луцкевічам. Першым перакладам Бібліі на беларускую мову зацікавілася Брытанскае і Замежнае біблійнае таварыства, дзякуючы падтрымцы якога ў 1931 г. пабачыла свет першае сучаснае выданне Новага Запавету і Псалмоў на беларускай мове ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча. Тут знаходзіцца арыгінал Новага Запавету 1931 г., які выйшаў накладам 25 тыс. асобнікаў, але ніводнага асобніка якога няма ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэты асобнік з прыватнай калекцыі.
Крыху пазней за Л. Дзекуць-Малея пачаў сваю перакладніцкую дзейнасць ксёндз і дзяч беларускага нацыянальнага адраджэння Вінцэнт Гадлеўскі. У 1930-1932 гг. ксёндз В. Гадлеўскі падрыхтаваў і выдаў парафраз Старога і Новага Запавету, а таксама пачаў працу над уласным перакладам Бібліі. У 1939 г. у Вільні пабачылі свет «Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі» ў яго перакладзе і з каментарамі. У 1998 г. «Чатыры Эванэліі» з гэтага выдання былі перавыдадзены ў Гродне.
У 1965 г. у ЗША быў створаны Беларускі Біблійны камітэт з мэтай выдаць і распаўсюдзіць беларускую Біблію. У 1970 г.. быў выдадзены «Новы Закон» у перакладзе Янкі Станкевіча, а ў 1973 г.   поўная Біблія ў перакладзе з іўрыта і грэцкай мовы, якая выйшла дзякуючы супрацоўніцтву Я. Станкевіча з пастарам Майсеем Гітліным.
Над перакладамі Пісання працаваў на эміграцыі метадысцкі пастар Ян Пятроўскі. Пачынаючы з 1959 г ён пераклаў і выдаў паасобныя кнігі Старога Запавету - «Кнігу Руты», «Кнігу прарока Ёэля», «Кнігу прарока Ёны», «Генезіс», «Кнігу Эклезіяста, або Прапаведніка». У 1991 г. у Мінску пабачыла свет яго «Эвангеле паводле св. Яна».
Вялікі ўнёсак у справу беларускіх біблійных перакладаў зрабіў Васіль Сёмуха. У 1988 г. ён звярнуўся да біблейскіх тэкстаў і пераклаў Евангелле паводле Мацвея. У 1994 і ў 2008 гг. выйшлі перавыданні «Найвышэйшай песні Саламонавай», аздобленыя гравюрамі Арлена Кашкурэвіча. У 1995 г. Васіль Сёмуха зрабіў уласны пераклад Новага Запавету і Псалтыра. У 2002 г. выйшаў поўны пераклад Бібліі, зроблены В. Сёмухам з царкоўнаславянскай мовы.
Разам з В. Сёмухам, аўтарства яшчэ аднаго поўнага перакладу Бібліі на беларускую мову належыць ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму. У 1968 г. ён узяўся за пераклад Бібліі. Гэтая праца завяршылася ў сярэдзіне 1980-х гг. і была прызнана Ватыканам, але пераклад доўгі час заставаўся ў рукапісе. У другой палове 1990-х гг. група маладых вернікаў пад кіраўніцтвам Антонія Бокуна пачала працу над выданнем перакладу Бібліі, зробленага айцом Чарняўскім. У выніку свет убачылі выданні Кнігі Роду ў 1997 г., Новага Запавету ў 1999 г. і Пяцікніжжа ў 2002 г. У 2003 г. выйшаў пераклад Новага Запавету ў рэдакцыі Біблейскага таварыства, а ў 2012 г.    поўны тэкст Бібліі, падрыхтаваны на падставе рукапісаў Уладзіслава Чарняўскага.
У 1991 г. выйшла «Евангелле паводле Матфея» ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на грэцкай, царкоўнаславянскай, рускай і беларускай мовах. А пачынаючы з 1999 г. выйшлі іншыя Евангеллі і Дзеі Апосталаў. У 2007 г. выйшла «Свяшчэннае Евангелле»   чатыры Евангеллі ў форме, прызначанай для выкарыстання ў праваслаўнай богаслужбовай практыцы. У 2017 г. пабачыў свет Новы Запавет у перакладзе з грэцкай мовы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы пад рэдакцыяй протаярэя Сергія Гардунá.
Адначасова з праваслаўнай Біблейскай камісіяй дзейнічала каталіцкая Камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Каталіцкага Касцёла, якая падрыхтавала шэраг перакладаў літургічных і біблейскіх тэкстаў. У 2012 г. Камісіяй былі выдадзены чатыры Евангеллі пад адной вокладкай, а ў 2017 г.   поўны тэкст Новага Запавету.
Завяршае выставу “Беларусь і Біблія” падборка выданняў прымеркаваных да 500-годдзя беларускай Бібліі і кнігадрукавання. У 2014   2017 гг. пабачылі свет «Новы Запавет» у перакладзе Анатоля Клышкі; «Новы Запавет. Кніга Прыповесьцяў» у перакладзе Антонія Бокуна; «Псалтыр» у перакладзе Аляксандра Надсана; «Новы Запавет», падрыхтаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой; «Новы Запавет», падрыхтаваны Каталіцкай Царквой; «Новы Запавет» выдання Таварыства Гедэонаў; юбілейнае выданне Бібліі, падрыхтаванае Біблейскім таварыствам.
У апошняй частцы выставы можна пазнаёміцца з рэканструкцыяй сярэднявечнага друкарскага станка, на якім друкавалі Біблію Ёган Гутэнберг і Францыск Скарына. Наведвальнікі могуць паспрабаваць уласнаручна надрукаваць першую старонку з кнігі Псальмаў, якую Францыск Скарына выдаў у 1517 годзе. Таксама тут можна паспрабаваць свае сілы ў перапісваньні Бібліі, як гэта рабілі перапісчыкі да вынаходніцтва кнігадрукавання. Для дзяцей арганізаваная адмысловая фотазона і інтэрактыўная праграма, дзе яны могуць пазбіраць пазлы, разгарнуць старажытны скрутак, прайсці майстар-клас па арыгамі і размаляваць ілюстрацыі з біблійнымі сюжэтамі.
Выстава "Беларусь і Біблія" працуе да 21 кастрычніка кожны дзень акрамя панядзелка з 10:00 да 19:00 у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (пр. Незалежнасці 116, 3 паверх). Уваход па чытацкіх білетах бібліятэкі, альбо па пропусках Сацыякультурнага цэнтра (1.5 руб).  Заказ экскурсій па тэл. +375-29-387-60-95 (Ганна).

Тэлеканал Беларусь-1 аб выставе.

Просмотров: 4452 
Последние новости
24.03.2024
14.03.2024
22.02.2024
24.12.2023
18.11.2023