11.06.2012
1 і 2 чэрвеня ў Маладзёжным тэатры эстрады у рамках штогадовага праекту “У абарону жыцця” рэжысёр Павал Харланчук прадставіў публіцы музычны спектакль “Маё сэрца б’ецца”. Сямейная музычная пастанова, напісаная Аленай Сітнік і Дар’яй Шэінай, была прымеркаваная да Дня абароны дзяцей і звяртае ўвагу ўсіх на найбольш неабароненую катэгорыю дзяцей, тых, якія яшчэ не нарадзіліся і якіх некаторыя нават не лічаць дзецьмі.
Арганізатары адзначаюць вялікую цікавасць да падзеі. Не дзіўна, бо ўдзел у пастанове бралі такія вядомыя асобы, як Ганна Хітрык (акторка Купалаўскага Тэатра і лідэр гуртоў “Дзеці дзяцей” і “Sunduk”), Павал Харланчук (уладальнік Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі “Лепшая мужчынская роля”), а таксама Уладзімір Козічаў, Міхал Есьман і Ганна Харланчук. Асаблівую кранальнасць імпрэзе дадаў удзел вялікай колькасці дзяцей, якія сваёй непасрэднасцю і натхнёнасцю не пакінулі нікога абыякавым.
“Варта адзначыць, што ўжо за два тыдні да пачатку імпрэзы ў продажы амаль не засталося квіткоў. Шмат людзей тэлефанавала, як у касы самога тэатра, так і арганізатарам, але квіткоў ужо не было. На жаль, маленькая заля не змагла змясціць усіх жадаючых, нягледзячы на тое, што адбылося ажно тры выступы,” – зазначыў каардынатар праекту “У абарону жыцця” Зміцер Зяленскі.
Гледачы напружана чакалі адказу маладой сям’і Кастуся і Ганны, у выкананні сямейнага дуэту Харланчукоў, на галоўнае пытанне для многіх сучасных сем’яў - ці даць свайму дзіцяці пабачыць свет, ці прынесці яго ў ахвяру ўласнаму эгаізму. Аўтары пастаноўкі паспрабавалі ў творчы спосаб ўявіць жыццё дзяцей да іх нараджэння. Маленькія героі навучаюцца ў Нябеснай школцы, дзе вывучаюць няпростыя навукі жыцця. У школьны час будучыя музыкі, лекары, настаўнікі праходзяць нечаканыя выпрабаванні, здзяйсьняюць марское падарожжа і, безумоўна, чакаюць галоўную падзею — выпускны— то бок сваё нараджэнне. На жаль, не ў кожнага атрымаецца здзейсьніць сваю мару.
Пастанова суправаджалася ўдалым відэашэрагам і музчынымі кампазыцыямі. Спеў “Плач зямля” ў выкананні Ганны Хітрык наўпрост выклікаў слёзы на вачах гледачоў. Акторка падсумоўвала, што яна "верыць, што ўсё будзе іначай" і зрэшты аднойчы свет забудзецца на такія словы як "аборт" ці "непажаданае дзіця". Фінал пастановы сцвярджае, што гэтая надзея не марная. Кастусь і Ганна прымаюць рашэнне, што дзіця павінна нарадзіцца.
“Я была вельмі ўражана. Я не чакала, што пра такую цяжкую і балючую праблему можна расказаць такім чынам. Заля і смяялася, і плакала, – кажа адна з прысутных на спектаклі. – Я лічу, што гэтую пастанову павінны паглядзець як мага больш людзей“.
Просмотров: 7568 |
Последние новости
05.11.2024
19.10.2024
06.10.2024
01.10.2024
07.09.2024