На сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ўвекавечылі кнігу, якая стала асновай эпохі рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. І яе выдаўца - Мікалая Радзівіла Чорнага. Дарэчы, сёлета адзначаецца 500-годдзе з дня яго нараджэння. Гісторыю жыцця выдатнага палітыка і дыпламата, пры якім нашы землі перажывалі росквіт - так званы Залаты век - на прафесійнай сцэне ўвасобілі акцёры-аматары пад кіраўніцтвам акцёра- купалаўца Паўла Харланчука.
Спектакль – аматарская ініцыятыва. Ад прафесійнага тэатра тут толькі сцэна і акцёр, ён жа - рэжысёр Павел Харланчук. На аснове біяграфічнага летапісу пра Мікалая Радзівіла Чорнага і ў суправаджэнні мелодый з “Полацкага сшытка” група людзей розных прафесій, нашых сучаснікаў, стварыла пастаноўку пра адзін з культурных росквітаў у гісторыі нашай краіны – 16 стагоддзе і з’яўленне Берасцейскай бібліі.
На падмостках – будаўнікі, інжынеры, хатнія гаспадыні. Праект пра Радзівіла рабілі за ўласныя сродкі: самі шылі касцюмы, будавалі мінімалістычныя дэкарацыі, арандавалі сцэну. Да пастаноўкі іх натхніла любоў да нацыянальнай гісторыі і вера. Праз вобраз князя Мікалая Радзівіла Чорнага стваральнікі прасачылі, як сам канцлер ВКЛ - ваявода Віленскі прыйшоў да Евангелля і як рэфармаваў грамадства, паставіўшы Біблію ў цэнтр духоўнага жыцця.
Князь Мікалай Радзівіл, за колер і калматасць барады празваны “чорным”, у 1553 годзе адкрыў друкарні ў Бярэсці і Нясвіжы, кіраваў падрыхтоўкай новай рэдакцыі Статута ВКЛ і спрыяў выдавецтву багаслоўскіх кніг. У ролі Мікалая Радзівіла - Павел Харланчук. Яго ж рэжысура. Зрэшты, для акцера-купалаўца гэта не першы пастановачны вопыт.
У задумках стваральнікаў – працяг серыі партрэтаў выдатных гістарычных асоб Беларусі і спадзяванні, што да гэтага асветніцкага праекта падключыцца і прафесійны тэатр. Хаця самадзейныя артысты – ужо на прафесійнай сцэне!
Крыніца: tvr.by
Просмотров: 6165 |