IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць»
17.12.2019
IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць»

Тэалагічны інстытут ХВЕ і Мінская багаслоўская семінарыя Саюза ЕХБ 7 снежня 2019 г. правялі сумесныю навукова-практычную канферэнцыю, “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаную 100-годдзю Вялікага евангельскага прабуджэння ў Беларусі.

Канферэнцыя прайшла ў сценах Тэалагічнага інстытута ХВЕ і была чацвертым па ліку навуковым форумам даследчыкаў гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі.

Сяргей Паўлавіч ЦворНа канферэнцыю сабраліся амаль тры дзясяткі даследчыкаў з розных навуковых і навучальных устаноў Беларусі, служыцелі евангельскіх цэркваў, вучоныя з ЗША, Польшчы і Літвы. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся епіскап Аб’яднанай Царквы ХВЕ Сяргей Цвор і епіскап Саюза ЕХБ Леанід Міховіч. Увазе прысутных была прадстаўлена выстава рэдкіх біблійных выданняў, евангельскага перыядычнага друку 1920-х – 1930-х гг., а таксама факсімільныя выданні Бібліі ў перакладзе Францыска Скарыны і знакамітай Берасцейскай Бібліі 1563 г.Леанід Міховіч

Пленарны даклад па гісторыі Вялікага евангельскага прабуджэння ў Беларусі прадставіў Антоні Бокун, пастар царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвесьнік”. На шматлікіх гістарычных фактах ён паказаў, што Вялікае евангельскае прабуджэнне ў Беларусі (1919 – 1939 гг.) мела 3 галоўныя рысы: масавае вяртанне служыцеляў з-за мяжы ў Беларусь; народны характар новапаўсталых цэркваў; шчыльная сувязь евангельскага прабуджэння з нацыянальным адраджэннем Беларусі.

Праца канферэнцыі праходзіла па 3 секцыях: першая называлася “Евангельская Царква Беларусі ў XVI – пачатку ХХ ст.”, другая ‑“Вялікае евангельскае прабуджэнне ў Беларусі” і трэцяя‑ “Евангельская Царква Беларусі ў кантэксце падзей другой паловы ХХ – ХХІ стст.”.

Сярод дакладаў агучаных на першай секцыі можна вылучыць выступленне дацэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Андрэя Самусіка, які высветліў, што заснавальнік сучаснай педагогікі евангельскі хрысціянін Ян Амос Каменскі (1592 ‑ 1670) быў шчыльна звязаны з беларускімі пратэстантамі, меў шматлікіх студэнтаў з Беларусі, а князь Януш Радзівіл нават запрашаў яго пераехаць у Вялікае Княства Літоўскага. Намеснік загадчыка аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Юрый Снапкоўскі расказаў прысутным, што ўсеагульнае медыцынскае абслугоўванне на Магілёўшчыне ў ХІХ ст. было ўведзена дзякуючы кальвіністу Мікалаю Мандэльштаму, служэнне якога дапамагло выратаваць мноства жыццяў нашых продкаў.

У другой секцыі былі прадстаўлены цікавыя паведамленні пастара царквы ХВЕ з Брэста Сяргея Ярмалюка пра заснавальніка пяцідзясятніцкага руху ў Брэсцкім рэгіёне і яго продка Сцяпана Ярмалюка. Таксама варта адзначыць выступленне старшага пастара Альшанскай царквы ХВЕ Столінскага раёна Уладзіміра Чынікайлы пра гісторыю Альшанскай царквы. Архівіст Уладзімір Казлоў здолеў адшукаць метрычнае пасведчанне аб нараджэнні пастара Станіслава Нядзьцецка і ўдакладніць дату яго нараджэння. Загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Таццяна Лісоўская падзялілася навуковымі высновамі пра тое, што ў часы Вялікага евангельскага прабуджэння 1920-х – 1930-х гг. пратэстанты сталі адной з трох, разам з праваслаўнымі і каталікамі, канфесій Беларусі, якія і сёння ўплываюць на рэлігійнае жыцця краіны.

Даклады на трэцяй секцыі тычыліся як савецкага перыяду, так і часу незалежнай Беларусі. Пра савецкі перыяд цікавы даклад зрабіла дактарант Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук Таццяна Касатая, якая расказала пра змаганне моладзі ЕХБ за свабоду сумлення ў 1940-х – 1980-х гг. Прарэктар па навучальнай частцы Тэалагічнага інстытута ХВЕ Руслан Шапялевіч прадставіў дакументальныя матэрыялы па гістрыі евангельскага руху ў Ганцавіцкім раёне. Рэктар Тэалагічнага інстытута ХВЕ, епіскап  Сяргей Паднюк паведаміў пра сучаснае развіццё цэркваў ХВЕ, а рэктар Мінскай багаслоўскай семінарыі ЕХБ Леанід Міховіч расказаў пра служэнне цэркваў ЕХБ. Загадчык аддзела Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Юрась Бачышча паведаміў духоўную спадчыну вядомага беларускага пісьменніка, евангельскага хрысціяніна, Артура Вольскага (1924 ‑ 2002).

З заключным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі выступіў епіскап ЕХБ Аляксандр Фірысюк, які падкрэсліў важнасць усебаковага даследавання гісторыі Евангельскай Царквы Беларусі і пажадаў даследчыкам Божай дапамогі на ніве гістарычных даследаванняў.

Правядзенне наступнай навукова-практычнай канферэнцыі запланавана на 4 снежня 2021 г. Яна будзе прысвечана 100-годдзю Вялікага евангельскага прабуджэння у Брэсце.

Кацярына Унучак, Радыён Мадатаў, Марына Багародзь

Просмотров: 995 
Последние новости
05.07.2020
23.06.2020
25.05.2020
09.04.2020
02.04.2020