Уваскрэснуць у Хрысце Ўваскрослым
12.04.2009
Уваскрэснуць у Хрысце Ўваскрослым

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч у Вялікдзень звярнуўся да беларусаў з пастырскім пасланнем.

Уваскрасенне Тваё славiм,

Хрыстэ Пане.

Дарагiя ў Хрысце Уваскрослым браты ў святарстве, законнiкi i законнiцы, браты i сёстры, людзi добрай волi!

"Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назаранiна, укрыжаванага; Ён уваскрос, Яго тут няма. (…) Але iдзiце, скажыце вучням Ягоным i Пятру: Апярэдзiць вас у Галiлеi. Там Яго ўбачыце, як Ён сказаў вам" (Мк 16, 6—7).

З гэтымi словамi звярнуўся Анёл да жанчын мiраносiц, якiя на трэцi дзень ранiцай прыйшлi да грабнiцы Хрыста, каб паводле юдэйскага звычаю намасцiць Ягонае цела пахучым алеем — мiрам. Iм, спачатку перапалоханым, гэтыя словы далi новую на-

дзею на тое, што iх Настаўнiк жыве. Гэтыя словы i сёння нам, людзям XXI стагоддзя, таксама даюць новую надзею, якая ёсць у Езусе Уваскрослым. Таму разам з прарокам Осiям мы можам усклiкнуць: "Смерць! Дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?" (Ос 13, 14).

Падчас сваёй развiтальнай размовы з вучнямi Езус аб’яўляе iм пра сваю смерць i ўваскрасенне таямнiчаю фразаю: "адыходжу i прыйду да вас" (Ян 14, 28). Смерць — гэта адыход, прычым адыход назаўсёды, без магчымасцi вяртання. Кожны з нас гэта вельмi добра разумее. Аднак у Евангеллi мы сустракаемся з чымсьцi iстотна новым, i гэтая навiна змяняе свет. Увесь наш вопыт сведчыць пра тое, што памерцi — гэта значыць адысцi навечна, бо адтуль няма вяртання. Езус жа пра сваю смерць кажа: "адыходжу i прыйду". Звычайнаму чалавеку вельмi складана зразумець, якiм чынам у адыходзе можна бачыць прыйсце. Аднак на самай справе адыход Езуса распачынае Яго новую прысутнасць. Ягоная смерць — гэта акт любовi, а любоў несмяротная. Менавiта таму Ягоны адыход ператвараецца ў новае прыйсце, у такую форму прысутнасцi, якая нiколi не завяршаецца, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI1.

У жыццi кожнага з нас бываюць такiя моманты, калi здаецца, што ўсё выпадае з рук, што няма выйсця з цяжкай сiтуацыi. Часам даводзiцца перажываць такi глыбокi духоўны крызiс, што чалавекам пачынаюць апаноўваць адчай i роспач. I толькi ўваскрослы Хрыстус вяртае надзею нават насуперак надзеi (Рым 4, 18). Бо хто i калi бачыў, каб памерлы сам уваскрос? А тут Ён, укрыжаваны Езус, зноў сярод нас. З намi Той, хто заўсёды памятае пра нас i спяшаецца нам на дапамогу. Гэта Езус, якi перамог смерць, грэх i злога духа. Ён перамог i клiча нас на сустрэчу з Iм; клiча таксама, як некалi клiкаў апосталаў. Месца сустрэчы — Галiлея.

Сапраўды, Галiлея — гэта цудоўнае месца на Святой Зямлi, поўнае зелянiны, што з’яўляецца сiмвалам жыцця. У гэтым куточку нiбы сама прырода буяннем дрэваў i красак сярод навакольнай безжыццёвай пустынi сведчыць пра тое, што жыццё перамагло смерць. Гэта таксама нерукатворная алегорыя духоўнага жыцця, якое ў Езусе Хрысце не ведае смерцi.

Дзе ж тая Галiлея i як туды трапiць? Каб знайсцi адказ на гэтае пытанне, мы павiнны мець на ўвазе не геаграфiчную Галiлею, а Галiлею духоўную. Для кожнага вернiка прызначаная месцам сустрэчы Галiлея знаходзiцца там, дзе ёсць Езус. Гэта перадусiм святы Касцёл — мiстычнае цела Хрыста, якi iснуе ў часе i ў прасторы. Езус заснаваў свой Касцёл як знак еднасцi i як бы сакрамэнт паўсюднага збаўлення2. Кожны чалавек павiнен задумацца над словамi святога Кiпрыяна Карфагенскага, якi ўжо ў трэцiм стагоддзi пiсаў, што extra Ecclesiam nulla salus — па-за Касцёлам няма збаўлення. Гэта — надзейны арыенцiр, i калi мы будзем прытрымлiвацца яго, нiколi не заблукаем.

Сёння мы ўсе спяшаемся ў нашыя прыгожа аздобленыя святынi, каб пад велiчны перазвон званоў i ўзнёслы спеў "Хвала на вышынях Богу" святкаваць урачыстасць, якая з’яўляецца падмуркам нашае веры. Яшчэ святы Павел сказаў, што "калi Хрыстус не ўваскрос, дык марнае i прапаведаванне нашае, i вера наша марная" (1 Кар 15, 14). А пра тое, што i наша вера, i абвяшчэнне Евангелля — гэта не пустыя словы, найлепш сведчыць сама гiсторыя хрысцiянства. Столькi ў ёй было i ёсць пераследаў, столькi ўнутраных цяжкасцяў, здрадаў i адыходаў ад Евангелля, што сапраўды ўжо неаднойчы здавалася, што "Бог памёр", як казаў прадвеснiк нацызму i папярэднiк постмадэрнiзму Фрыдрых Нiцшэ, або, што рэлiгiя — гэта толькi "опiум для народа", як пiсаў стваральнiк "навуковага камунiзму" Карл Маркс. Сёння фалiянты гэтых iдэолагаў атэiзму пакрываюцца пылам на палiцах бiблiятэк, ды i пра iх самiх ужо мала хто згадвае, а слава Уваскрослага Пана абвяшчаецца ва ўсiм свеце.

Аднак у гэтыя радасныя хвiлiны мы павiнны таксама задумацца i над некаторымi менш аптымiстычнымi рэчамi. Хоць сёння нашыя святынi перапоўненыя, а па вулiцах праходзяць Эўхарыстычныя працэсii ў гонар Уваскрослага Пана, нас не можа не турбаваць пытанне, чаму не кожную нядзелю ў касцёлах бывае столькi людзей. Сённяшняя вялiкая колькасць вернiкаў — што гэта: сапраўдны i глыбокi выраз нашай веры, цi толькi данiна традыцыi i модзе? Маўляў, усе iдуць i я пайду, бо што скажуць суседзi, знаёмыя… Цi мы сапраўды кожны дзень нашага жыцця жадаем жыць iсцiнай Уваскрасення? Цi iмкнемся на ёй будаваць нашую веру? Цi стараемся ўздымацца над сваiмi слабасцямi i паўставаць з грахоў?

Калi жанчыны мiраносiцы спяшалiся да грабнiцы Пана, то разважалi памiж сабою: "Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магiлу?" ( Мк 16, 3). Да iх невымоўнага здзiўлення, Хрыстус сам сваёю сiлаю зрабiў гэта. Так, вельмi часта дзверы нашых душаў заваленыя камянямi нашых грахоў. Нiхто iншы, акрамя нас, не зможа ўпусцiць Хрыста, каб у святой споведзi Ён здзейснiў цуд уваскрашэння з грахоў i залежнасцяў. Па праўдзе кажучы, часам чалавек не адчувае, што жыве ў грахоўнай залежнасцi. А бывае i так, што, усведамляючы гэта, проста не жадае выходзiць з яе, падобна да таго, як часам хворы адмаўляецца лячыцца i прымаць лекi. Нават калi хтосьцi адчувае, што з’яўляецца хворым духоўна, тым не менш не заўсёды як найхутчэй спяшаецца да Боскага лекара, бо так жывуць многiя i ён таксама ўжо прызвычаiўся да такога жыцця. Парадокс: чалавек лiчыць за лепшае заставацца хворым, абы не лячыцца. У такiм выпадку хвароба становiцца хранiчнай, i ў душы чалавека ўзнiкае цяжкая паталогiя, а менавiта — знiкненне адчування граху.

У гэтым i заключаецца найбольшая праблема сучаснага секулярызаванага свету. Мы здольныя весцi вялiкiя змаганнi дзеля новых дасягненняў у навуцы i тэхнiцы, у культуры i спорце, мы прыкладаем вялiзныя намаганнi дзеля спазнання таямнiцаў жыцця, матэрыi, космасу… Але пры гэтым духоўныя справы ўсё часцей занядбоўваюцца, i людзi ўдзяляюць iм усё менш увагi.

Святкуючы сённяшнюю ўрачыстасць, нам трэба памятаць, што здаволiцца толькi ўспамiнам факту Уваскрасення Езуса Хрыста, не напаўняючы iм сваё жыццё, — гэтага вiдавочна замала, як замала толькi называцца хрысцiянiнам, якога акрамя пасведчання хросту больш нiшто не яднае з Касцёлам. Праўда Уваскрасення Хрыста павiнна стаць праўдаю нашага жыцця.

Уваскрасенне Хрыста — гэта асноватворчая падзея ў гiсторыi чалавецтва; падзея, якая вывела ўсiх людзей з грахоўнай няволi, адарыла новым жыццём ласкi Божай, неабходнай для збаўлення.

Дзякуючы адкупленню, якое было здзейснена праз крыж i ўваскрасенне Хрыста, мы сталi дзецьмi Божымi з усiмi вынiкаючымi з гэтага наступствамi. Крыж i Уваскрасенне — гэта найвышэйшае праяўленне Божай мiласэрнацi, доказаў каторай у апошнiя часы мы атрымалi вельмi многа. Выражаючы ўдзячнасць за гэты дар i адчуваючы патрэбу ў iм, як адзiнай на-дзеi сучаснаму свету, у нядзелю Божай мiласэрнасцi ў Мiнска-Магiлёўскай Архiдыяцэзыi распачынаецца перэгрынацыя абраза Езуса Мiласэрнага i рэлiквiй нашага земляка благаслаўлёнага Мiхала Сапоцькi. Такiм чынам сёлетнi Вялiкдзень уводзiць нас непасрэдна ў гэтую вялiкую пастырскую акцыю з мэтай ажывiць культ Божай мiласэрнасцi i дапамагчы чалавеку даверыцца яму. Як дзецi Божыя i спадакаемцы Хрыста мы прызначаныя да жыцця вечнага, умоваю якога з’яўляецца нашае паўстанне з грахоў i ўваскрашэнне да жыцця ў ласцы Божай, гэта азначае прыняцце Божай міласэрнасцi.

Як бачым, таямнiца Пасхi — гэта не толькi дар, але адначасова i заданне, якое патрабуе ад нас перайсцi да якасна новага жыцця дзяцей Божых. У хаосе i мiтуснi сучаснага свету мы не можам застацца глухiмi да праўды пасхальнай таямнiцы, каб яна не прайшла мiма нас. Яна павiнна стаць часткаю нашага жыцця, каб ужо не мы жылi, але ў нас жыў Езус Хрыстус (Гал 2, 20), як навучае святы апостал Павел.

Уваскрослы Хрыстус праз служэнне Касцёла прыходзiць да нас i сiлаю любовi i ласкi яднае нашае жыццё са сваiм i нас памiж сабою. Напачатку гэта ўсё можа здавацца толькi прыгожаю тэорыяй, мала звязанаю з рэальнасцю. Але калi мы сапраўды будзем жыць абавязкамi, ускладзенымi на нас сакрамэнтам хросту, то пачнем адчуваць жыццёвую праўду гэтых словаў. Ахрышчаныя вернiкi, якiя жывуць праўдаю Уваскрасення, ўжо больш не чужыя памiж сабою, бо iх яднае Езус Хрыстус. Яны могуць жыць на розных кантынентах, належаць да розных культураў, сацыяльных слаёў i гэтак далей, але заўсёды i паўсюль яны — хрысцiяне, аб’яднаныя адною вераю, надзеяй i любоўю, якiя iх фармуюць. Падмурак нашага жыцця паўсюль той самы — гэта Уваскрослы Езус Хрыстус, у якiм мы ўсе ўтвараем адно цэлае (Эф 2, 13—18). I гэта не словы нашага сучаснiка Бiла Гейтса, якi з дапамогаю інтэрнэту зрабiў увесь свет падобным на адну вялiкую вёску, але вучэнне самога Хрыста.

З’яднаныя ў Хрысце Пану Уваскрослым браты i сёстры!

Ад усяго сэрца вiншую вас з радаснай i збаўчай урачыстасцю Уваскрасення Хрыста! Вiншую таксама вернiкаў iншых хрысцiянскiх супольнасцяў, якiя разам з намi адзначаюць гэтае свята святаў. Вiншую праваслаўных братоў i сясцёр, якiя духоўна рыхтуюцца перажыць пасхальныя ўрачыстасцi, што будуць адзначаць праз тыдзень. Праўда ўваскрасення Хрыста адна для ўсiх хрысцiянаў, i яна клiча нас быць аб’яднанымi, асаблiва ў справе абароны хрысцiянскiх каштоўнасцяў.

Вiншую ўсiх людзей добрай волi. Няхай гэтае свята, як свята трыумфу жыцця, прынясе больш радасцi ў нашае жыццё, зробiць яго больш шчаслiвым i ўмацуе надзею.

Даручаючы ўсiх вас апецы Марыi — Мацi Збаўцы i нашай духоўнай Мацi, — праз Яе заступнiцтва прашу Уваскрослага Езуса, каб нашае жыццё было прасякнута духам Пасхi — гэтага пераходу са смерцi да жыцця, а мы самi былi людзьмi святла i глыбокай веры, поўнымi ўзаемнай любовi. На шлях духоўнага ўваскрашэння ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца i Сына, i Духа Святога. Амэн.

Арцыбiскуп

Тадэвуш Кандрусевiч

Мiтрапалiт

Мiнска-Магiлёўскi

Просмотров: 5331 
Последние новости
24.03.2024
14.03.2024
22.02.2024
24.12.2023
18.11.2023