З Велікоднага паслання Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
...Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Перамогу Жыцця над смерцю мы вызнаём у гэтыя дні ўсімі сіламі нашага сумлення, якое мы пастараліся ачысціць постам і малітваю. І таму для нас становіцца вельмі блізкім вобраз абуджэння ад сну і пераход да творчай дзейнасці.
"Госпадзі Божа мой! Прасвятлі вочы мае, каб не заснуў я сном смяротным", — усклікае да Тварца Псалмаспевец Давід (Пс. 12: 4). Не толькі аб захаванні свайго цялеснага жыцця моліць ён Бога, але і аб прасвятленні розуму і сэрца, бо грэх — гэта таксама "сон смяротны".
Калі прырода нашага краю пачынае квітнець вясною, мы кажам, што і яна абуджаецца ад зімовага сну. І чалавек вясной таксама нейкім простым і натуральным чынам адтайвае ад ільду абыякавасці. Хоць бы на час, — але ўсё ж ён пераадольвае сваю халоднасць да бліжняга; хоць бы на імгненне, — ён усміхаецца сонечнаму святлу і звяртае свой твар да Сонца Праўды, якім ёсць Хрыстос, Бог наш.
Веру, што такое абуджэнне ў свой час перажывае кожны чалавек. І таму заклікаю ўсіх вас, узлюбленыя мае: дзяліцеся цяплом веры з бліжнімі і дальнімі; ні ад каго не засланяйце сваімі чалавечымі мудраваннямі жыватворнае святло Нябеснага Айца, але ўсім і заўсёды нясіце добрую вестку пра Уваскрасенне Сына Божага, Сына Чалавечага.
...Цяпер настаў час, калі крызісныя выпрабаванні напаткалі "новы свет", збудаваны чалавекам без Бога. Свет нажывы і гардыні, карысталюбства і нястрымнага спажывання падмануў сваіх жыхароў. Збянтэжанасць і страх, разгубленасць і ўнутраную спустошанасць адчуваюць сёння мільёны людзей па ўсім абліччы Зямлі. "Паводле якіх правіл цяпер жыць? — задаюць пытанне ганарлівыя. — Як зноў знайсці апірышча, калі пад нагамі — толькі зыбкі пясок, а дом, збудаваны на пяску, пачынае абрушвацца на вачах?" Што ж, спустошанасць сэрцаў нязменна прыводзіць да спусташэння дамоў...
Ці можам мы не смуткаваць з-за патрасенняў роду чалавечага ў гэты паваротны момант сусветнай гісторыі? Ці можам заставацца абыякавымі да людзей і тым больш — злараднічаць з няшчасцяў? Не, бо ў такім выпадку мы самі будзем асуджаны паводле горкага прароцтва Хрыста Спасіцеля пра тыя часы, калі "з-за памнажэння беззаконня астыне любоў у многіх" (Мф. 24: 12).
Задача свету хрысціянскага заключаецца ў тым, каб "камень, які адкінулі будаўнікі", паводле слова Пісання, зноў "стаў галавою вугла" (Мф. 21: 42). Ужо не толькі палымяным словам, а і канкрэтнай справаю мы пакліканы пацвердзіць ісціну пра тое, што "калі Господзь не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго" (Пс. 126: 1).
Стан хрысціянскіх сем'яў і добраўпарадкаванасць праваслаўных храмаў, грамадскае служэнне членаў Царквы і асабісты прыклад веры кожнага хрысціяніна: усё, што становіцца галавою вугла нашага асабістага спасення, мы павінны зрабіць дастойным шырокай павагі і дзейнага пераймання.
У час выпрабаванняў радасць аб Уваскрасенні Хрыстовым павінна быць не проста лікаваннем аб ісціннасці нашай веры! Дарагія браты і сёстры, мы пакліканы да ацалення ран тых людзей, якія пакутуюць. Хрысціянская місія сярод тых, хто хворы і бедны, хто адзінокі і пакінуты, — гэта абавязак Царквы і пакліканне кожнага яе члена. Але мы павінны памятаць, што не менш важнай з'яўляецца місія хрысціян, звернутая да тых, хто пакутуе з-за страты сэнсу жыцця, з-за адсутнасці жыццёвых арыенціраў, з-за крушэння лжывых ідэалаў.
У тым самым Пасланні да Эфесянаў апостал Павел дае простую і мудрую параду, як і чым мы можам дапамагчы веруючым і няверуючым: "Не будзьце безразважнымі, а пазнавайце, у чым ёсць воля Божая" (Эф. 5: 16-17).
...Нашу светлую надзею і радаснае сведчанне веры накіроўваю разам з велікодным віншаваннем адзінаверным і адзінакроўным братам і сёстрам нашым, якія жывуць ва ўсіх канцах Зямлі. Сардэчна вітаю ўсіх, хто носіць імя Хрыстова і заклікае Бога ў Сведкі свайго жыцця, свайго сумлення, сваіх слоў і спраў.
Узлюбленыя! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! — і нас уваскрасіць сілаю Сваёю. Амінь.
Просмотров: 6502 |