У "Благадацi" прайшло святкаванне 600-годдзя Эвангельскага руху ў Беларусі (фота і відэа)
02.11.2013
У

31 кастрычніка – Дзень Рэфармацыі, цудоўная магчымасьць узгадаць той шлях, якім Госпад вёў Царкву на працягу стагодзьдзяў. У гэтым годзе беларускія эвангельскія хрысьціяне адзначаюць 600-годзьдзе Эвангельскага руху ў нашай краіне. І менавіта таму стаўшае ўжо традыцыйным сьвяткаваньне Дня Рэфармацыі было асабліва ўрачыстым.

31 кастрычніка 2013г. ў мінскай царкве “Благадаць” адбыўся сьвяточны вечар, прысьвечаны юбілею Эвангельскага руху ў Беларусі, які пачынае сваю гісторыю з пропаведзі Гераніма Пражскага ў Віцебску ў 1413г. Уся праграма, ад прывітальнага слова да сьпеваў і пастановак, даносіла гледачам увесь шлях Эвангельскай Царквы ад часоў вялікага князя Вітаўта да сёньняшняга дня. На сцэне зьяўляліся постаці такіх мужоў Божых, як Геранім Праскі, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны, Лукаш Дзекуць-Малей, Станіслаў Нядзьведзкі і многія іншыя, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё на тое, каб на нашай зямлі не пераставала гучаць слова Эвангельля ды “каб сьпяшаўся народ Слова Божае зьведаць”. З прывітальнымі словамі выступілі ганаровы епіскап Саюзу ЕХБ Аляксандар Фірысюк і старшы пастар “Царквы Ісуса Хрыста” г.Мінска Дзьмітры Зяленскі. Дзякуючы музычным калектывам цэркваў “Благадаць” і “Віфанія” гучала хрысьціянская музыка розных эпохаў. Гаворачы пра сутнасьць эвангельскай весткі, пастар царквы “Ян Прадвесьнік” Антоні Бокун адзначыў: “Эвангельская вера – гэта старадаўняя вера хрысьціянская, моцна закарэненая ў Слове Божым – Бібліі. І на працягу шасьці стагодзьдзяў эвангельскія хрысьціяне ў Беларусі абвяшчалі нішто іншае, як збаўленьне праз веру ў Ісуса Хрыста”. 

“Я веру, што Госпад чуе малітву нават аднаго праведніка, які заступаецца за свой народ, а тут сабралася нашмат больш, і мы павінны маліцца за сваю краіну”, - сказаў пастар царквы “Благадаць” Алег Акуленка. Таму ня дзіўна, што сьвяткаваньня Дня Рэфармацыі завяршылася агульнай малітвай за Беларусь, бо хто як не царква нясе адказнасьць за будучыню сваёй краіны.

Дар’я Шэіна

Просмотров: 6753 
Последние новости
05.11.2024
19.10.2024
06.10.2024
01.10.2024
07.09.2024