25 красавіка на вячэрнім аддзяленні Тэалагічнага інстытута ХВЕ прайшла прэзентацыя кнігі дыякана Красненскай царквы ХВЕ Уладзіміра Русецкага пад назвай “Пастар Станіслаў Нядзьвецкі і евангельскае прабуджэнне на паўночным захадзе Беларусі”. Перад студэнтамі выступіў аўтар кнігі, які сам з’яўляецца выпускніком Тэалагічнага інстытута.
Уладзімір Русецкі спыніўся на асноўным момантах жыцця і служэння пастара Станіслава Нядзьвецкага. Слухачы даведаліся пра няпросты шлях Станіслава Нядзьвецкага да Бога і да Беларусі. Справа ў тым, што будучы пастар ,які нарадзіўся ў Радашковічах у 1890 г., яшчэ ў юнацтве апынуўся ў ЗША. Там ён пакаяўся і стаў вельмі паспяховым, для эмігранта, бізнесменам. Калі ж, Госпад сказаў яму вяртацца ў Беларусь і прапаведаваць у родных мясьцінах – на Маладзечаншчыне, Вілейшчыне, Валожыншчыне, Мядзельшчыне, то Станіслаў з жонкай доўга ўпарціліся волі Божай. Да таго часу пакуль у іхняй сям’і не здарылася трагедыя – загінула адзіная дачка. Пасля гэтага, у 1925 г., Станіслаў Нядзьвецкі і яго жонка Зінаіда прадалі ўсю маёмасць у Амерыцы і паехалі ў Беларусь. За 17 гадоў служэння пастара Станіслава Нядзьвецкага ім было арганізавана служэнне як мінімум 22 цэркваў, збудавана шэраг малітоўных дамоў, арганізавана падрыхтоўка служыцеляў і г.д.
Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Русецкага была аздоблена творчым нумарам. Адказная за тэатральнае служэнне царквы ХВЕ “Ян Прадвесьнік” Наталля Бачышча прачытала маналог Зінаіды Нядзьвецкай. Творчы нумар дапамог удзельнікам прэзентацыі “перанесціся” ў Заходнюю Ьеларусь 1920-х – 1930-х гг., а таксама лепш зразумець пераломныя моманты біяграфіі пастара Станіслава Нядзьвецкага.
У заключнай частцы прэзентацынага вечара выступіў рэдактар кнігі кандыдат гістарычных навук Андрусь Унучак. Ён адзначыў, што выхад кнігі У. Русецкага – гэта значная падзея для беларускай гістарычнай навукі, паколькі гэта фактычна першая біяграфія беларускага пратэстанцкага пастара напісаная на навуковым узроўні, і выдадзеная ў выглядзе асобнай кнігі. Андрусь Унучак таксама сказаў, што вельмі важнай каштоўнасцю кнігі з’яўляецца тое, што аўтар паказаў у её вялікае евангельскае прабужэнне, якое ахапіла Заходнюю Беларусь у 1920-я – 1930-я гг. Паводле слоў рэдактара кніга вельмі цікава напісана і лёгка чытаецца. Асобна была адзначана вялікая колькасць рэдкіх фотаздымкаў, надрукаваных у гэтым выданні.
У заключным слове Уладзімір Русецкі выказаў падзяку рэктару Тэалагічнага інстытута доктару Сяргею Паднюку за спрыянне ў зборы матэрыялаў для напісання кнігі. А таксама звярнуўся да студэнтаў інстытута з заклікам даследаваць гісторыю Евангельскай Царквы Беларусі ў якой ёсць шмат сведчанняў і прыкладаў для гэтага і наступных пакаленняў веруючых.
Просмотров: 5427 |