Просмотров: 1213 | Голосов: 0 | Рейтинг: 0 | |
Не багаццем праславіўся Радзівіл Чорны, а мудрасцю ў справах дзяржаўнага кіравання, адданасцю Айчыне і, самае галоўнае, сваёй верай у жывога Бога. «Упершыню ў гісторыі краіны з’явіўся надзелены вялікай уладай чалавек, які вырашаў дзяржаўныя справы не сілай, а згодай, не зброяй, а словам, не вайной, а мірам», – пісаў пра яго адзін з гісторыкаў.
Мікалай Радзівіл, якога пазней назвалі Чорным за густую чорную бараду, нарадзіўся 4 лютага 1515 года. Калі Мікалаю паішоў сёмы год, памёр яго бацька, і хлопчык са сваім малодшым братам Янам выхоўваўся ў сям’і свайго дзядзькі Юрыя Радзівіла, разам з Барбарай Радзівіл і Мікалаем Радзівілам Рудым. У 1529 годзе абодва Мікалаі, Чорны і Руды, былі запрошаны ў Кракаў на двор караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, які шукаў адпаведную кампанію свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Мікалай атрымаў добрую хатнюю адукацыю і заўсёды цягнуўся да ведаў, таму ў 1534 годзе ён паступіу ў Кракаўскі універсітэт.
У 1544 годзе на Берасцейскім сойме магнаты і шляхта падтрымалі прапанову Радзівіла Чорнага перадаць рэальную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім Жыгімонту Аўгусту, і Радзівіл становіцца бліжэйшым дарадцам манарха. Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ болей павялічыўся, калі Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага.
У 1547 годзе Мікалай Радзівіл выправіўся ў Вену і там атрымаў ад імпэратара Карла V тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. З гэтага часу Мікалай Радзівіл Чорны і ўсе яго нашчадкі сталі называцца “князямі на Алыцы і Нясвіжы”. У хуткім часе Радзівіл Чорны ажаніўся з Альжбетай Шыдлавецкай, парадніўшыся з вядомым польскім магнацкім родам. У іх сям’і нарадзілася восем дзяцей: чацвёра сыноў і чатыры дачкі.
У красавіку 1548 года памер Жыгімонт Стары, і ягоны сын Жыгімонт Аўгуст заняў каралеўскі пасад. Малады кароль, які імкнуўся ўзвысіць свайго сябра, прапанаваў Радзівілу Чорнаму гетманскую булаву, але той адмовіўся ад гэтага, разумеўшы, што вайсковая справа – гэта не яго пакліканне. Але дзяржаўныя справы цікавілі Радзівіла, і ён стаў ў 1549 годзе ваяводам троцкім, праз год – канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, а на наступны год – ваяводам віленскім, узяўшы на сябе галоўную адказнасць па кіраванні дзяржавай у час адсутнасці вялікага князя.
Аднак радасць ад імклівай палітычнай кар’еры азмрочылася цяжкімі жыццёвымі выпрабаваннямі. У маі 1551 года памерла каралева Барбара. Праз паўгода памер малодшы брат Ян, які яшчэ ў 1542 годзе, калі наведваў Вітэнберг, стаў евангельскім хрысціянінам і шмат сведчыў свайму брату пра неабходнасць пакаяння і жыцця верай. Смерць блізкіх людзей прымусіла задумацца над сэнсам свайго жыцця, і менавіта ў гэты час Мікалай Радзівіл Чорны пачаў чытаць Біблію і прыняў рашэнне паверыць у Ісуса Хрыста.
У 1553 годзе канцлер Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвясціў, што ён вызнае “шчырую паводле Пісання Святога веру евангельскую” і закладае ў сваіх уладаннях у Вільні і Берасці евангельскія цэрквы.
Першая рэакцыя на пакаянне Радзівіла Чорнага была неадназначнай. Частка шляхты і некаторыя магнаты падтрымалі Радзівіла, але нават у сваёй сям’і ён сутыкнуўся з неразуменнем і супрацьстаяннем. Амаль год спатрэбіўся канцлеру, каб “прывесці да чыстага Слова Божага” сваю жонку Альжбету. Адначасова ён спрабаваў пераканаць Жыгімонта Аўгуста прыняць евангельскую веру. Гэта падавалася нескладаным, бо рэфармацыйныя пропаведзі гучалі пры двары караля і вялікага князя ўжо не адзін год. Але калі ўжо Жыгімонт Аўгуст згадзіўся прыехаць да Радзівіла на евангельскае набажэнства, віленскі біскуп Цыпрыян перагарадзіў дарогу каралю і не дазволіў наведаць “ерэтычнае” богаслужэнне.
Ворагі Рэфармацыі, натхнёныя гэтым поспехам, перайшлі ў наступ. Пасол Ватыкана Алоіз Ліпамана звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста з заклікам спыніць распаўсюджванне евангельскай веры, пакараўшы смерцю найбольш актыўных яе прыхільнікаў. Адначасова Ліпамана звярнуўся з адкрытым лістом да Радзівіла Чорнага, абвінавачваючы яго ў адступніцтве ад хрысціянскай веры.
У 1556 годзе ўся Еўропа чытала адказ Радзівіла Чорнага паслу Ватыкана: «Закладаючы ў сваіх уладаннях і там, куды сягае мая ўлада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртання сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад усялякіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі. Пры кожным у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсць кафедра прапаведніка, з якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі, але сапраўднае Слова Божае».
Дэкларацыя веры, якую Мікалай Радзівіл прадставіў у сваім адказе, мела настолькі моцнае ўздзеянне на грамадскую думку ў Вялікім Княстве Літоўскім, што на працягу наступных некалькіх гадоў пра Вялікае Княства загаварылі як пра пратэстанцкую краіну, а пасол Ліпамана мусіў з ганьбай вярнуцца ў Італію...
Юрый Бачышча