Просмотров: 1268 | Голосов: 2 | Рейтинг: 1 | |
Надзея САЛЕЙКА, г. Слонім
СЛОВА БОГА
Многа слоў было спрадвеку,
Многа знікла, адышло,
Але стала Чалавекам
Усяго, браток, адно.
Не асілак і не волат,
А нябёсаў Валадар,
Па зямлі хадзіла Слова,
Грэх знішчала, як пажар.
Сонца праўды засвяціла,
Каб жыццё да ўсіх прыйшло.
І зямля свой час лічыла
Не з нуля, а ад Яго.
Хто – направа, хто – налева,
На чужога і свайго…
Сярод нас паўстала Дрэва
Ўкрыжавання – ад Яго.
Ад Яго – пустой магіла
Сочыць цемраю байніц,
Ад Яго сыходзіць сіла,
Што і цемру ложыць ніц.
І пачатак, і аснова,
Подых існага ўсяго –
Слова Бога, проста Слова!
Ці ты ведаеш Яго?
НЕ ВЕРУ
Не веру, што ты не крылаты,
Не веру, што ты не святы.
Пакуль што не ў Божых палацах,
Аднак жа не менш дарагі.
Не веру, што можна забыцца,
Не веру, што можна згубіць, –
Хто здолеў святлом прычасціцца,
Той Богам прызначаны жыць.
Не веру, што лёсам разбіты,
Сярод аднадумцаў – чужы.
Не веру ў дарэмнасць малітвы,
Не веру ў магутнасць іржы.
Я крэмсаю болем паперу,
Яна загаворыць пасля.
Не веру, не веру, не веру,
Бо моцная вера мая.