Просмотров: 3309 | Голосов: 3 | Рейтинг: 2 | |
Кароткая гісторыя
Разважай у сэрцы сваім, што як бацька гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе, каб спаўняў ты загады Госпада, Бога твайго, ішоў шляхам Ягоным і меў страх перад Ім.
Другазаконне 8:5-6
Евангельскі рух пачынаецца ў Беларусі на пачатку XV стагоддзя, а больш дакладна, у красавіку 1413 года, калі Геранім Пражскі, сябра і паплечнік чэшскага рэфарматара Яна Гуса, прапаведаваў пры двары вялікага князя Вітаўта, а таксама ў Віцебску, Вільні і Полацку.
Праз 150 гадоў, у эпоху Рэфармацыі, евангельскія цэрквы вызначалі аблічча нашай краіны, спрычыніўшыся да культурнага, эканамічнага і палітычнага ўздыму Вялікага княства Літоўскага. У наступныя стагоддзі, перажыўшы адступніцтва, заняпад і пераслед, евангельскае хрысціянства адрадзілася з новай сілай, даючы беларускаму народу надзею на абнаўленне і Божае дабраславенне.
ПРАДВЕСНІКІ
Гісторыя Беларусі (як дарэчы і большасці еўрапейскіх краін) пачалася з распаўсюджваннем хрысціянства больш за 1000 гадоў таму назад. У гэты час цэнтрам беларускіх зямель быў Полацк – самы старажытны беларускі горад, які згадваецца ў летапісах разам з Кіевам і Ноўгарадам.
Хрысціянства прыходзіла ў Беларусь трыма шляхамі: з Поўначы (варагі, ірландцы), з Усходу (Канстантынопаль) і з Захаду (Польшча, Германія). Дзякуючы старажытным летапісам мы можам назваць імёны першых місіянераў, якія абвяшчалі Евангелле Ісуса Хрыста нашым продкам. Гэта ірландзец Торвальд Вандроўнік, заснавальнік царквы ў Полацку, нямецкія місіянеры Бруна Баніфацы, які ў 1009 г. загінуў на памежжы Русі і Літвы, г. зн. недзе на Гарадзеншчыне, і Рэйнберн, які ў 1005 г. стаў епіскапам у Тураве. У гэтым шэрагу варта згадаць Рагнеду, яе сына Ізяслава, які “быў шматцярплівы і старанны ў чытанні Божых Пісанняў”, епіскапаў Міну з Полацка і Кірылу Тураўскага, асветнікаў Аўраама Смаленскага і Еўфрасінню Полацкую.
У сярэдзіне ХІІІ ст. пачынаецца новая эпоха беларускай гісторыі – эпоха Вялікага княства Літоўскага. На працягу наступных шасці стагоддзяў наша краіна называлася Літвою, а яе жыхары – ліцвінамі. Менавіта ў Вялікім княстве Літоўскім беларусы сфарміраваліся як нацыя, перажылі самыя ўзнёслыя моманты сваёй гісторыі. Але першыя 100 гадоў свайго існавання Вялікае княства лічылася “апошняй нехрысціянскай краінай Еўропы”. Толькі ў 1386 г. адбыўся акт “хрышчэння Літвы”.
У гэтым самым годзе ў Оксфардзе прафесар Джон Уікліф выдаў кнігу “Праўда Святога Пісання”, у якой сцвярджаў, што Пісанне мае ў сабе ўсё неабходнае для збаўлення і ўсе хрысціяне павінны чытаць яго. Ідэі Джона Уікліфа, названага пазней “зараніцай Рэфармацыі”, далі пачатак евангельскаму руху ва Усходняй Еўропе дзякуючы пропаведзям Яна Гуса і Гераніма Пражскага.
У 1413 г. Геранім Пражскі прыбыў у Вялікае княства Літоўскае на запрашэнне вялікага князя Вітаўта. Гэтая падзея дала пачатак евангельскаму руху ў нашай краіне. На працягу красавіка і мая 1413 г. Геранім Пражскі абвяшчаў евангельскую вестку ў Віцебску.
У 1415 г. сабор у Канстанцы асудзіў вучэнне Гуса і Уікліфа і вынес Яну Гусу смяротны прысуд. 6 ліпеня 1415 г. Ян Гус быў спалены на вогнішчы. Геранім Пражскі, які прыехаў у Канстанц бараніць свайго сябра, быў таксама арыштаваны і праз два тыдні пасля смерці Гуса стаў перад судом. 30 мая 1416 г. Геранім Пражскі быў спалены на тым самым месцы, дзе і Гус, і ягоны попел быў кінуты ў Рэйн.
Смерць Яна Гуса і Гераніма Пражскага выклікала абурэнне ў чэшскім грамадстве. Многія заявілі пра свой намер адстойваць свабоду пропаведзі Евангелля. У хуткім часе да вялікага князя Вітаўта прыбыла дэлегацыя чэшскіх гусітаў з прапановай стаць каралём Чэхіі і падтрымаць патрабаванні рэформы царквы. Вітаўт пагадзіўся, і ў 1422 годзе пяцітысячнае ліцвінскае войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам было паслана на дапамогу чэхам. Калі праз сем гадоў беларускія ваяры вярнуліся на радзіму, яны былі добра знаёмыя з вучэннем чэшскіх рэфарматараў.
Евангельскае вучэнне настолькі шырока распаўсюдзілася ў Вялікім княстве Літоўскім, што ў 1436 г. для барацьбы з гусітамі была зроблена спроба ўвесці інквізіцыю. Але паколькі многія уплывовыя асобы прыхільна ставіліся да евангельскай пропаведзі, гэтае рашэнне так і засталося на паперы.
Асноўнымі цэнтрамі евангельскага руху ў XV стагоддзі былі ўніверсітэты у Празе і Кракаве. І не выпадкова выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта Францішак Скарына з Полацку пачаў у 1517 г. друкаваць у Празе кнігі Старога Запавету ў перакладзе на беларускую мову. Беларуская Біблія, выдадзеная Скарынам, заклала асновы імклівага распаўсюджвання евангельскай веры ў Беларусі ў XVI стагоддзі.
РЭФАРМАЦЫЯ – ЗАЛАТЫ ВЕК
31 кастрычніка 1517 г. Марцін Лютэр апублікаваў свае знакамітыя 95 тэзісаў. Пропаведзь Лютэра стала пачаткам руху Рэфармацыі, які ахапіў усю Еўропу і меў велізарны ўплыў на жыццё ўсяго свету. Стагоддзе Рэфармацыі стала Залатым Векам Беларусі, бо прынесла дабраслаўленне ў розныя сферы жыцця беларускага народа.
Пачаткі Рэфармацыі ў Беларусі цесна звязаны з дзейнасцю навучэнцаў розных універсітэтаў, якія станавіліся яе першымі прапаведнікамі. У 1525 г. выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта Станіслаў Рафаловіч у Вільні пачаў прапаведаваць вучэнне Марціна Лютэра. У 1539 г. выпускнік Вітэнбергскага ўніверсітэта Абрагам Кульва адкрыў у Вільні біблейскую школу для дзяцей магнатаў і шляхты. Выгнаны за сваю дзейнасць з краіны, ён стаў у 1544 г. прафесарам Кёнігсбергскага ўніверсітэта, першага пратэстанцкага ўніверсітэта на ўсходзе Еўропы. У 1542 г., пад час паездкі ў Нямеччыну і Італію, стаў лютэранінам Ян Радзівіл, малодшы брат Мікалая Радзівіла Чорнага.
Але сапраўдных поспехаў евангельскі рух у нашай краіне дасягнуў у 1553 г., калі Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага княства Літоўскага і адзін з найбагацейшых магнатаў Беларусі, адкрыта прыняў ідэі Рэфармацыі і заснаваў евангельскія цэрквы ў Берасці, Вільні і Нясвіжы. Першым пастарам царквы ў Берасці стаў выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта Сымон Зацыус, у Вільні – Вендрагоўскі і Чаховіч, у Нясвіжы – Лаўрэн Крышкоўскі, які далучыўся да веры евангельскай праз пропаведзь “чэшскіх братоў”, г. зн. паслядоўнікаў Яна Гуса, якія вымушаны былі эміграваць у Польскае каралеўства з-за пераследу ў сябе на радзіме і былі побач з лютэранствам і кальвінізмам асноўнай евангельскай дэнамінацыяй на ўсходзе Еўропы. У 1557 г. Вільню на запрашэнне Радзівіла Чорнага наведаў Ян Ласкі, знакаміты польскі рэфарматар, заснавальнік евангельскіх цэркваў у Англіі і Фрызіі (паўночная Нямеччына). У тым самым 1557 г. у Вільні сабраўся першы сінод Евангельска-Рэфармаванай Царквы ў Вялікім княстве. Суперінтэндантам новапаўсталага аб’яднання стаў берасцейскі пастар Сымон Зацыус.
Цягам некалькіх гадоў прыхільнікамі Рэфармацыі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Зяновічы, Агінскія і многія іншыя беларускія магнаты і шляхта. Гараджане не менш масава прымалі евангельскае вучэнне. На працягу другой паловы XVI стагоддзя ў Беларусі было заснавана каля 300 евангельскіх цэркваў. Мітрапаліт Іпаці Пацей пісаў, што ў Наваградскім павеце “наўрад ці хоць адзін шляхецкі дом з сотні” застаўся неахоплены вучэннем Рэфармацыі. Віленскі біскуп Бенедыкт Война скардзіўся ў Рым, што ў Вялікім Княстве раней было 600 касцёлаў, а засталося толькі 300.
У 1553 г. Радзівіл Чорны пры царкве ў Берасці заснаваў друкарню, у якой пабачыў свет спачатку катэхізіс евангельскай веры, а затым яшчэ каля 40 кніг, у тым ліку першы друкаваны ў Беларусі нотны зборнік “Песні хвал Боскіх” Яна Зарэмбы, “Кніга мучанікаў” Фокса ў перакладзе Цыпрыяна Базыліка. У 1562 г. у Нясвіжы Сымон Будны, Мацей Кавячынскі і Лаўрэн Крышкоўскі выдалі “Катэхізіс” на беларускай мове і твор “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”. Выдатнае месца ў гісторыі кнігадрукавання належыць выданню ў 1563 г. Берасцейскай Бібліі “ўласным коштам” Радзівіла Чорнага, якая стала стандартным выданнем для евангельскіх хрысціян Беларусі на цэлае стагоддзе…
Антоні Бокун