Евангельская царква ў Беларусi
Евангельская царква ў Беларусi
Просмотров: 1676 | Голосов: 0 | Рейтинг: 0 |
-2 -1 0 +1 +2   
Евангельская царква ў  Беларусi

Сур’ёзная пагроза з боку Масквы прымусіла беларускую шляхту шукаць дапамогі ў суседняй Польшчы, з якой Вялікае княства ў 1569 г. заключыла новы саюз, адкрываючыся на ўсялякі ўплыў свайго саюзніка. Тым часам у Польшчы пачаў развівацца моцны контррэфармацыйны рух, узначалены езуітамі. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і добрай арганізацыі езуіты на працягу досыць кароткага часу спынілі развіццё Рэфармацыі і перайшлі ў наступ. Евангельскія цэрквы ў Вялікім княстве Літоўскім былі саслабленыя з-за недахопу лідараў і выразнага бачання. Акрамя таго, міждэнамінацыйныя канфлікты на глебе багаслоўя падзялялі евангельскіх хрысціянаў, не дазваляючы ім сустрэцца і разам супрацьстаць ворагу. У выніку на пачатку XVII ст. евангельскі рух у Беларусі пачаў змяншацца, і неўзабаве ў краіне перамаглі зусім не евангельскія ідэі.

Выбранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы стала пачаткам змагання на дзяржаўным узроўні супраць Рэфармацыі. Палітычная дыскрымінацыя евангельскіх хрысціянаў прывяла да таго, што калі ў 1588 г. у Сенаце Вялікага княства пратэстанты складалі большасць, дык праз некалькі дзясяткаў год іх там не засталося ніводнага, нягледзячы на тое, што магутная біржанская лінія Радзівілаў заставалася вернай евангельскай веры.

Сымбалем перамогі Контррэфармацыі стала заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай царквою ў Рэчы Паспалітай. Праваслаўныя, якія не падтрымалі унію, на 40 год апынуліся па-за законам. У гэтай сітуацыі лідары праваслаўнай царквы шукалі падтрымкі з боку евангельскіх хрысціянаў. У 1599 г. у Вільні на сумесным сінодзе, ў якім удзельнічалі кальвіністы, лютаране, чэшскія браты і праваслаўныя, ставіліся пытаннi як узаемнай дапамогі супраць дыскрымінацыйнай палітыкі вярхоўных уладаў, так і рэлігійнай уніі, а таксама практычнага супрацоўніцтва, аж да адкрыцця супольных пратэстанцка-праваслаўных школаў, друкарняў і фінансавай узаемадапамогі. На працягу першай паловы XVII ст. галоўнымі абаронцамі рэлігійнай свабоды як для пратэстантаў, так і для праваслаўных былі Радзівілы. Але нават яны не заўсёды маглі абараніць вернікаў ад сваволі ўладаў ці ад раз’юшанага натоўпу. Так, у 1611 г. віленскі кальвінскі збор быў спалены студэнтамі езуіцкага калегіюму. Разам са зборам згарэла бібліятэка і архіў. У тым самым годзе былі сказаныя на смерць за “абразу рэлігійных пачуццяў” Іван Тышковіч у Бельску Падляскім і Франкус дэ Франка ў Вільні.

У гэтай складанай сітуацыі сапраўдным прыбежышчам для евангельскіх хрысціянаў стала Случчына. У 1617 г. у Слуцку была заснаваная кальвінская школа, якая з’яўляецца адной з найстарэйшых навучальных установаў у Беларусі. У 1625 г. яна атрымала статус гімназіі. Асноўная ўвага ў Слуцкай гімназіі звярталася на гуманітарныя навукі, тут выкладаліся лацінская, гебрайская і грэцкая мовы, логіка і рыторыка, права, гісторыя, матэматыка, фізіка, музыка. Коштам князёў Радзівілаў пры гімназіі быў заснаваны інтэрнат для бедных навучэнцаў, якія вучыліся на пастараў. Гімназія мела трывалыя сувязі з універсітэтамі Кёнігсберга, Гейдэльберга, Лейдэна, Эдынбурга, Оксфарда, куды пасылала лепшых сваіх выпускнікоў. На працягу 300 гадоў свайго існавання Слуцкая гімназія дала Беларусі цэлы шэраг навукоўцаў, даследчыкаў, грамадскіх і царкоўных дзеячоў. Сярод іх вынаходнік сённяшняга кірылічнага шрыфта Ілля Капіевіч, прапаведнік і паэт Ян Белабоцкі, пісьменнікі Альгерд Абуховіч, Антон Пяткевіч, славяназнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі, медык Антон Красоўскі, астраном Вітольд Цэраскі, палітык і мецэнат Эдвард Вайніловіч.

Адным з галоўных асветніцкіх цэнтраў XVII ст. была радзівілаўская Любча. Тут пры евангельскай царкве з 1612 да 1655 г. дзейнічала найбуйнейшая ў Беларусі рэфармацыйная друкарня, дзе пабачыла свет больш за 100 выданняў.

Але ў цэлым беларускае грамадства ўсё далей і далей адыходзіла ад біблійных стандартаў. У выніку на наш народ абрынулася лавіна праклёнаў, наступствы якіх мы адчуваем да сённяшняга дня. У сярэдзіне XVII ст. маскоўская агрэсія забрала жыцці больш чым паловы беларусаў, некалі квітнеючыя гарады ператварыліся ў папялішча. Дэмаграфічная і ўслед за ёй эканамічная катастрофы сталі пачаткам катастрофы культурнай. Беларуская мова губляе статус дзяржаўнай, Вялікае княства становіцца "прахадным дваром" для сваіх суседзяў і ў канцы XVIII стагоддзя наогул перастае існаваць як дзяржава.

Заняпад краіны суправаджаўся пераследам евангельскіх хрысціянаў. У 1658 г. сойм прыняў рашэнне пра выгнанне арыянаў з Рэчы Паспалітай. У 1668 г. быў заканадаўча забаронены пераход з каталіцызму ў пратэстантызм. У 1717 г. пратэстанцкай шляхце было забаронена займаць дзяржаўныя пасады, публічна праводзіць служэнні і адкрываць новыя цэрквы. Да 1767 г., калі пад ціскам Расеі і Прусіі сойм Рэчы Паспалітай пацвердзіў свабоду веравызнання, гарантаваную Трэцім статутам ВКЛ, у Вялікім княстве засталося толькі 40 евангельскіх цэркваў.

Страта незалежнасці Вялікім княствам Літоўскім суправаджалася далейшым заняпадам евангельскага хрысціянства на беларускіх землях. Была скасаваная Віленская лютаранская кансісторыя, занепадалі нешматлікія кальвінскія зборы. За ўдзел у паўстанні 1863 г. большасці навучэнцаў Слуцкай гімназіі апошняя была забраная ў вернікаў і ператвораная ў класічную расейскую гімназію. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Беларусі дзейнічалі лютаранскія цэрквы ў Вільні, Горадні, Полацку, Віцебску, Магілёве, Слуцку і Мінску. У кальвінісцкіх цэрквах праводзіліся набажэнствы ў Вільні, Ізабеліне, Асташыне, Койданаве, Слуцку, Копысі, Непакойчыцах і Расне. Здавалася, што пра евангельскае хрысціянства ў Беларусі застаўся толькі ўспамін...

Антонi Бокун