Просмотров: 1636 | Голосов: 1 | Рейтинг: 2 | |
У 1929 г. савецкі ўрад выдаў новую пастанову аб рэлігійных арганізацыях, якая моцна абмяжоўвала рэлігійную дзейнасць. Сталі зачыняцца ўсе цэрквы, пачаліся павальныя арышты служыцеляў, прэсвітараў, дыяканаў, прапаведнікаў, рэгентаў і простых вернікаў. Шмат хто з арыштаваных былі прысуджаны да смяротнага пакарання, іншыя сасланы ў лагеры. Мала хто з іх вярнуўся на Бацькаўшчыну. Так, былі спачатку сасланы, а пасля расcтраляны пастары мінскай баптысцкай царквы Барыс Чэбярук і Раман Дубко, памёр у лагеры пастар бабруйскай царквы Мікіта Букасаў. Некаторыя грамады, як, напрыклад, Лепельская, арыштоўваліся і высылаліся ў поўным складзе. Да 1939 г. ва Ўсходняй Беларусі ўсе цэрквы былі зачынены, дамы малітвы канфіскаваны, а большасць служыцеляў расстраляна. Наступствы тых страшных гадоў да сёння адчуваюцца на ўсходзе краіны.
У 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна. Нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз захапілі Польшчу, і на жыхароў Заходняй Беларусі абрынулася ўсё тое, што перажывалі іх браты з усходу: высылкі, расстрэлы, зруйнаваныя лёсы. У чэрвені 1941 г. Лукаш Дзекуць-Малей быў арыштаваны НКУС, і толькі нечаканы пачатак нямецка-савецкай вайны выратаваў служыцеля ад растрэлу. У час нямецкай акупацыі па ўсёй краіне пачалі адчыняцца цэрквы. У 1943 г. перажыў вялікае прабуджэнне Слуцк, калі больш за 300 чалавек прынялі хрышчэнне. Павал Лагута, які перад вайной вярнуўся са сталінскіх лагероў, сабраў расцярушаных вернікаў у Мінску. Да яго далучыўся Антон Кецка, які стаў прэсвітарам адноўленай баптысцкай царквы. Ахвяруючы сабой, ён з іншымі вернікамі ратавалі гебрайскіх дзяцей у дзіцячых дамах. Нягледзячы на гэта, у 1945 г. ён і яшчэ 5 братоў былі арыштаваны і асуджаны на вялікія тэрміны зняволення за рэлігійную дзейнасць падчас акупацыі.
У час вайны сталінскі рэжым быў вымушаны перагледзець сваё стаўленне да вернікаў, даўшы ім пэўную свабоду, але пад шчыльным кантролем. Некаторыя евангельскія служыцелі былі вызвалены з лагероў, і ў 1944 г. у Маскве быў утвораны Усесаюзны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў. У жніўні 1945 г. кіраўнікі цэркваў ХВЕ Беларусі і Украіны былі вымушаны падпісаць у Маскве "Дамову аб аб'яднанні хрысціянаў веры евангельскай з евангельскімі хрысціянамі-баптыстамі ў адзіны саюз". Пасля падпісання пачаўся працэс аб'яднання, які выклікаў незадаволенасць абодвух бакоў. З тых часоў усіх евангельскіх хрысціянаў сталі называць баптыстамі. Як асобнае аб’яднанне дзейнічалі адвентысты сёмага дня, якіх у 1946 г. у БССР было зарэгістравана 6 цэркваў.
Калі ў 1947 г. да УСЕХБ былі далучаны цэрквы з Саюза цэркваў Хрыстовых, колькасць зарэгістраваных евангельскіх цэркваў у Беларусі дасягнула 235. Не менш за 100 цэркваў дзейнічала нелегальна. Напрыклад, у Бабруйскай вобласці ў зарэгістраваных цэрквах налічвалася 913 вернікаў і столькі ж было ў незарэгістраваных. Таму на евангельскіх вернікаў абрынулася новая хваля рэпрэсій. У 1947-1950 гг. “за сувязь з бандамі” і антысавецкую дзейнасць былі арыштаваны і асуджаны кіраўнікі ЕХБ Беларусі Іван Панько, Ёсіф Кульбіцкі, Міхаіл Вайткун, Кузьма Сявашка, а таксама шэраг служыцеляў і вернікаў, напрыклад Уладзімір Канатуш і Эрнст Сабіла. Калі ў вёсцы Хвоева Нясвіжскага раёну ніводзін евангельскі хрысціянін не пайшоў у калгас, арыштавалі пастара Сямёна Новіка, але і пасля гэтага ніхто з вернікаў не падтрымаў “сацыялістычнае будаўніцтва”.
Нягледзячы на пераслед, евангельскія цэрквы актыўна раслі ў гарадах, а таксама аднаўлялі сваю дзейнасць ва ўсходніх раёнах Беларусі. Імкнучыся спыніць гэты рост, Савет па справах рэлігійных культаў пры Саўміне БССР у 1954 г. прыняў пастанову аб забароне пяцідзясятніцтва як "містычнай секты з нялюдзкай абраднасцю". У СССР быў абвешчаны курс на хуткую пабудову камунізму, і чарговы раз была пастаўлена мэта цалкам ліквідаваць рэлігійныя арганізацыі. Таму 1960-я гг. вызначыліся жорсткай канфрантацыяй улады з вернікамі. У газетах друкаваліся артыкулы, выходзілі кнігі, накіраваныя на фармаванне ў чытачоў негатыўнага стаўлення да евангельскіх хрысціянаў як да нечага чужога, варожага і не маючага права на існаванне. Масавы характар набылі суды над вернікамі.
У 1959 г. ў Пінску былі асуджаны на год прымусовых працаў прапаведнікі Пётр Палхоўскі і Сцяпан Антановіч. У сакавіку 1960 г. у Мінску Мікалай Кібалка атрымаў падобны прысуд за тое, што ў яго доме праходзілі служэнні. У першы дзень Пасхі 1960 г. у вёсцы Рэчкі Пінскага раёну мясцовыя ўлады разагналі вернікаў, якія сабраліся на свята, разабралі дах і комін малітоўнага дому. Затым упаўнаважаныя хадзілі па хатах і канфіскоўвалі рэлігійную літаратуру, якая пазней была прылюдна спалена. У 1961 г. царква ў Рэчках была знята з рэгістрацыі. У траўні 1960 г. зруйнаваны дом малітвы царквы ЕХБ у Берасці, а ў лістападзе царкву, якая мела каля 500 вернікаў, пазбавілі рэгістрацыі.
У 1962 г. за правядзенне нелегальных сходаў да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 8 вернікаў Мінскай царквы ХВЕ. Міхаіл Пачарняеў і Леанід Ганчарэнка, як “кіраўнікі забароненай секты”, былі асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. “Актыўных членаў секты” Васіля Сідаровіча, Васіля Герасенкава і Фёдара Клімовіча прысудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі. У 1964 г. былі асуджаны 4 служыцелі царквы ў Рэчках: Міхаіл Кот (5 гадоў строгага рэжыму), Аляксей Мялік (5 гадоў строгага рэжыму), Ціт Кот (2 гады строгага рэжыму), Ёсіф Казлоўскі (5 гадоў строгага рэжыму). Ім інкрымінавалася, што "на сваіх зборах чыталі Біблію і Евангеллі". З 1961 па 1964 г. у Магілёўскай вобласці, дзе дзейнічала 13 грамадаў ХВЕ, да крымінальнай адказнасці за рэлігійную дзейнасць было прыцягнута больш за 20 чалавек.
У пачатку 1960 г. кіраўніцтва УСЕХБ выслала “Інструкцыйны ліст старэйшым прэсвітарам”, у якім патрабавалася абмежаваць хрышчэнне моладзі да 30 год, не дапускаць на багаслужэнні дзяцей, “стрымліваць місіянерскія парывы”. Частка вернікаў на чале з Г. Кручковым і А. Пракоф’евым не пагадзіліся з гэтым і стварылі ініцыятыўную групу па скліканні нечарговага з’езду ЕХБ. Таксама яны пачалі патрабаваць перагляду закону СССР “Аб рэлігійных аб’яднаннях”. На базе цэркваў, якія падтрымалі “ініцыятыўнікаў”, у 1965 г. аформілася Рада цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў, якая прынцыпова не ішла на любую форму супрацўіцтва з савецкай уладай і дала найбольшую колькасць вязняў за веру ў наступныя два дзесяцігоддзі. Шэраг беларускіх цэркваў актыўна падтрымалі гэты рух.
У Берасці, дзе афіцыйна не было ніводнай евангельскай царквы, сотні людзей збіраліся на набажэнствы. Каля 120 сем’яў прадставілі свае дамы для служэнняў, ведаючы пра магчымыя пагрозы, штрафы, ператрусы. У сакавіку 1963 г. былі асуджаны на тэрміны ад 3 да 5 год пазбаўлення волі кіраўнікі царквы Рыгор Шэпятунька, Сцяпан Мацьвяюк, Іван Катовіч і Яўген Федарчук. У 1967 г. выбраныя на месца асуджаных служыцелі Уладзімір Вільчынскі і Трафім Фейдак атрымалі па 5 гадоў лагероў. Тым не менш царква расла, у тым самым 1967 г. 120 чалавек сталi членамі Берасцейскай царквы ЕХБ. У царкве наладжваўся выпуск біблійнай, дзіцячай літаратуры, развіваўся рух салідарнасці з вязнямі за веру, якіх станавілася ўсё больш. У 1963 г. у Мінску былі асуджаны “ініцыятыўнікі” В. Антоненка, Г. Макарэнка, А. Піліпенка. У 1969 г. у Зельве прайшоў гучны судовы працэс над кіраўнікамі царквы з вёсцы Бародзічы М. Шугалам і М. Лазутам.
Але евангельскія хрысціяне выстаялі, і ўжо з другой паловы 1970-х гг. савецкія ўлады сталі рэгістраваць новыя евангельскія цэрквы і дазваляць будаўніцтва дамоў малітвы...
Антонi Бокун