Просмотров: 2009 | Голосов: 0 | Рейтинг: 0 | |
У пакутах нараджаецца паэзія
З гэтым чалавекам я, на жаль, ніколі не бачылася. І да нядаўніх пор нічога аб ім не чула. Сёння няёмка ў гэтым прызнацца, таму што імя Сяргея Сапоненкі даволі вядомае ў паэтычным асяроддзі, і вершы яго не проста прыгожа рыфмаваныя радкі, а адкрытая наўсцяж душа Паэта. Паэта, якому з нараджэння наканавана лёсам прайсці праз неверагодныя пакуты, боль, страх, роспач. У яго не дзейнічаюць ні рукі, ні ногі, ён з цяжкасцю можа гаварыць, але Бог улажыў у яго вялікі, сонечны дар, якім ён шчодра дзеліцца з кожным, хто хоць аднойчы дакранецца да яго творчасці, а значыць, і да яго вялікага, чыстага, гарачага сэрца.
Пад сузор’ем слёз
Час адлічваў апошнія дзянькі 1966-га. Шматлюдны горад Гомель жыў у чаканні Новага года, людзі мітусіліся, нешта куплялі, некуды спяшаліся.
А сям’я Івана і Любові Сапоненкаў жыла ў чаканні другога дзіцяці. Яно не сёння заўтра павінна было з’явіцца на свет, і Іван не сумняваўся – будзе хлопчык, сынок. Бо які ж бацька не марыць мець сына! Старэйшая дачушка, Людачка, таксама не магла дачакацца браціка. Маці ж заставалася толькі адно – апраўдаць надзеі...
У радзільны дом яе адвёз муж, прытуліў да сябе на развітанне, супакоіў, як умеў, сказў[A1] : “Не бойся, любая, усё ж будзе добра”, – і вярнуўся дадому чакаць радаснай вестачкі аб хуткім нараджэнні сына...
А дабра таго ніяк не было. Яна мучылася амаль суткі, але дзіцятка чамусь не спяшалася прыходзіць на свет. І калі зусім знясіліла ў родавых муках, калі на тое, што народзіць сама, страцілі надзею ўрачы, у ход пайшлі шчыпцы...
І вось ужо апошні крык парадзіхі гулкім рэхам патануў у калідорах раддома і сціх. Нарадзіўся такі доўгачаканы хлопчык. Але не закрычаў...
Барацьба са смерцю здавалася бясконцай. Праз 40 хвілін хлопчык падаў-такі слабы галасок. Маці з палёгкай уздыхнула: дзякуй Богу, жывы. Тады яна яшчэ не ведала, не магла ведаць, што ўжо праз некалькі дзён яе дзіцяці вынесуць бязлітасны прыгавор: хлопчык будзе калекам. Сорак хвілін ажыўлення аказаліся для яго згубнымі: значная частка клетак галаўнога мозгу адмерла, а гэты працэс, як вядома, незваротны.
– Вы можаце пакінуць яго ў раддоме і ісці дахаты, – раілі Любові ўрачы. – Ніхто вас за гэта не асудзіць. Падумайце, што вас наперадзе чакае...
А яна ўглядалася ў мілы маленечкі тварык сыночка і не магла нават думкі дапусціць, што адрачэцца ад яго, што пакіне сам-насам з гаротным лёсам. І хлопчык паглядаў на яе такімі чыстымі, такімі разумнымі вочкамі, нібы дзякаваў...
Побач былі другія жанчыны. Шчаслівыя, яны прыкладалі да грудзей сваіх немаўлятак і ведалі: іх дачушкі-сынкі – такія, як усе: зробяць першыя крокі, вымавяць першыя слоўцы, будуць бегаць, шчабятаць, радаваць... І толькі Любовіны мары былі зруйнаваны, перакрэслены бязлітасным дыягназам – ДЦП. Гэты страшэнны вырак яе хлопчык, яе крывіначка павінен будзе несці па жыцці да апошніх дзён.
Якімі словамі перадаць роспач, боль і страх маці за сваё дзіця? Яна туліла да сябе маленькага, а слёзы гарачымі ручайкамі бясконца сцякалі з вачэй і хаваліся ў пялюшкі сыночка. Колькі тых горкіх і гарачых слёз давядзецца ёй выліць, гадуючы сына, аднаму Богу будзе вядома...
Вестка аб тым, што доўгачаканы сынок будзе інвалідам, вострым болем працяла і сэрца Івана. Ён, як умеў, суцяшаў жонку, падтрымліваў, і ў дзень, калі іх выпісалі з раддома, з усёй уласцівай яму любоўю і пяшчотай прыняў дзіця на свае дужыя добрыя рукі, каб у прамым сэнсе несці па жыцці, пакуль будзе біцца яго, бацькоўскае, сэрца...
Цярністы шлях да ведаў...
Сыночка назвалі Сярожкам. Рос ён на рэдкасць паслухмяным, кемлівым і дапытлівым хлопчыкам. Варта было сястрычцы паказаць яму літары, як Сярожка неўзабаве навучыўся чытаць. Ён цалюткі дзень мог, седзячы на дыване, перасоўваць вуснамі кубікі, складваючы словы, і вельмі цешыўся, калі гэта ў яго атрымоўвалася. Любіў, калі мама ці сястрычка чыталі яму кніжкі, і з задавальненнем слухаў пласцінкі з казкамі, якіх у хаце было безліч.
Сярожка з усіх бакоў быў атулены неверагоднай пяшчотай і ласкай. Яго бераглі, як найдаражэйшы скарб, яму дарылі столькі любові, што хлопчык проста купаўся ў ёй, як у цёплай вадзічцы.
У сем гадкоў Сярожка пачаў вучыцца. Праўда, настаўніца прыходзіла да іх дамоў. І па заканчэнні першага класа з задавальненнем вывела яму па ўсіх прадметах круглыя “пяцёркі”. Вучобу ён успрымаў як своеасаблівую гульню, тым больш што другія гульні былі для яго, на жаль, недасягальнымі.
Выязджаючы на калясцы з мамай у двор, ён з зайздрасцю і смуткам паглядаў на дзяцей, якія гулялі ў мячык, гойдаліся на арэлях, проста... хадзілі. Сярожка ведаў, што ніколі ў жыцці да іх не далучыцца – не пабяжыць, не кіне мячык, не пагуляе ў хованкі, не... Ці ёсць такія словы, якія маглі б перадаць дзіцячы боль і адчай? Ах, колькі ж слёзак выплакалі яго вочкі, ах, як стагнала ад недзіцячай роспачы яго маленькая душачка...
Урач, у якога Сярожка стаяў на ўліку, параіў бацькам аддаць яго ў інтэрнат для дзяцей-інвалідаў. Маўляў, яму там лягчэй будзе справіцца з бядой, прызвычаіцца да свайго нялёгкага становішча. І, акрамя таго, хлопчык атрымае неабходную адукацыю. Сям’я параілася, і яны паехалі ў Рэчыцу.
Школа бацькам спадабалася: добразычлівыя настаўнікі, шчырыя адносіны да дзяцей, светлыя класы. Але Сярожка нізавошта не хацеў заставацца ў інтэрнаце: і неба, здавалася, чула яго ўмольны плач, яго просьбы не кідаць...
Сэрцы бацькоў кроіліся ад болю, але яны ведалі, што гэта адзінае выйсце, бо нельга ж насамрэч дапусціць, каб ён вырас невукам. І, нягледзячы на Сярожкіны слёзы, яго пакінулі-такі ў інтэрнаце. Дома ж і маці, і бацька месца сабе знайсці не маглі і ўжо праз некалькі дзён паехалі праведаць сына. І зноў былі слёзы, крык, просьбы не пакідаць. Але маці, сціснуўшы ў кулак збалелае сэрца, не паддалася ўгаворам. Яна не магла, не мела права даць аслепнуць сваёй мацярынскай любові і тым самым перакрэсліць будучае сына.
– Сярожка, дзіцятка маё, – горача шаптала яна малому, – зразумей, што гэта – для твайго дабра. Ты ж разумны хлопчык, ты ж павінен вучыцца, атрымаць адукацыю, каб быць не горшым за іншых, каб нечага дабіцца ў жыцці.
Сярожка разумеў, але ўсё роўна плакаў...
Ён добра вучыўся. Шмат чытаў. З асалодай праглынаў творы Чэхава, Талстога, Салаўёва, Бярдзяева. Зачытваўся Цвятаевай, Пастэрнакам. Дарэчы, апошні з часам стане яго паэтычным ідэалам. У яго былі добрыя сябры, яго любілі настаўнікі і выхавацелькі.
Ужо потым, калі вучоба будзе скончана і ён атрымае атэстат з самымі добрымі адзнакамі, Сярожа прызнаецца маме, што тыя восем гадоў інтэрната, былі, бадай, самымі лепшымі, бо там, сярод такіх, як ён, пакалечаных лёсам дзяцей, ён адчуваў сябе сваім. Там ніхто не смяяўся, ніхто не паказваў пальцам, там ўсе былі аднолькавыя. А дома зноў чатыры сцяны і ў большасці – лепшая “сяброўка” – адзінота...
Недзе за вокнамі зелянела вясна, буйным цветам цвіло лета, асыпалася золатам восень, спявала свае калыханкі зіма, і толькі ён, Сярожа, прыкаваны да інваліднага крэсла цяжкімі кайданамі хваробы, быў адарваным ад гэтага жыццёвага кругазвароту.
Але ж маладосць, яна не прыслухоўваецца да дыягназаў, і душы, у якой аднойчы нараджаецца каханне, няма ніякай справы да таго, што пры гэтым адчувае цела... Яно, каханне, было! Хоць і нядоўгім. Бліснула, як знічка, і патухла, але яшчэ доўга-доўга сагравалі сэрца цёплыя аб ім успаміны...
...і да Бога
Калі Сяргею споўнілася дваццаць, ён пачаў задумвацца аб сэнсе жыцця. Яму цяжка было зразумець, чаго так мітусяцца людзі? Навошта столькі мітусні, калі ўрэшце рэшт усё скончыцца цемрай.
Аднойчы яму давялося прачытаць кнігу Таксіля “Забавная Библия”. Але на Сяргея яна зрабіла ўражанне супрацьлеглае таму, на якое была разлічана: яму захацелася прачытаць Біблію сапраўдную. І неўзабаве яму падарылі Евангеліе. Ён чытаў Святое Пісанне, асцярожна перагортваючы вуснамі старонку за старонкай, і дзіўны свет Божага Слова напаўняў яго змучаную душу. Успрыманне жыцця Сяргея значна памянялася, але гэта быў яшчэ толькі першы крок да Госпада, кароткі дотык да Яго Велічы. Паверыць у існаванне Бога яшчэ не значыць цалкам аддаць сябе... на служэнне Яму.
Павінна была стацца адна надзвычай дзіўная падзея, каб Сяргей усёй істотай пазнаў Любоў Усявышняга і канчаткова Яму даверыўся.
Сям’я Сапоненкаў жыла тады ў дачным пасёлку. На двары стаяў студзень. Сяргей выехаў на сваёй калясцы падыхаць свежым паветрам. І, як кажуць, на бяду мала трэба: выпадкова кола ўехала ў ямку і ён разам з каляскай апынуўся на зямлі, на ўзбочыне, паміж двух густых вялікіх кустоў. Таму і не мог яго заўважыць бацька, які некалькі разоў аб’ехаў на машыне ўвесь пасёлак у пошуках сына.
Падмарожвала, пачынала цямнець. Сяргею было нязручна ляжаць на халоднай зямлі. Усё цела было скавана і балела нясцерпным болем. І раптам ён выразна зразумеў, што жыццё вісіць на валаску, што раніца для яго, хутчэй за ўсё, не наступіць. І тады, сабраўшы апошнія сілы, хлопец загаварыў з... Небам: “Госпадзі, даруй! – з самай глыбіні сэрца лілася яго шчырая малітва. – Даруй і памажы! Ратуй мяне, Божа! Я не хачу тут у гэтым холадзе скончыць сваё жыццё. Даруй, што я так доўга не ішоў да цябе, не разумеў цябе, не чуў цябе. Я каюся, Госпадзі! Я даю Табе слова, што калі застануся жывым, то кожным імгненнем майго жыцця буду Табе служыць, Цябе ўслаўляць, Табе пакланяцца!..”
І раптам адбыўся цуд. Яго ўжо аслабелы стогн пачуў выпадковы прахожы, ён вырас... ніадкуль, дапамог Сяргею падняцца і прывёз яго дадому.
Нягледзячы на тое, што хлопец правёў некалькі гадзін без руху, лежачы на мерзлай зямлі, ён не падхапіў нават лёгкай прастуды.
Так ён прыйшоў да веры, асвяціў сваё сэрца Хрыстом. І хацеў падзяліцца адчуваннем гэтага Святла з усімі. Але як, калі язык скаваны хваробай, калі яго мову з цяжкасцю разумеюць нават блізкія людзі? Шчыра і горача ён маліўся на працягу чатырох гадоў. І аднойчы атрымаў адказ. Праз Біблію.
Яму як бы па-новаму адкрылася гісторыя прызвання Маісея. У таго быў дэфект мовы, і Усявышні даў яму памочніка, які пераказваў народу яго словы. І Сяргей зразумеў, што гэта адносіцца і да яго. І з’явілася ідэя – пісаць. Але як? Рукі ніколі не трымалі алоўка, не вывелі ні слаўца на паперы. Як выліць на яе ўсё тое, што перапаўняе душу? А ў ёй штодня нараджаліся новыя радкі, прасякнутыя любоўю да Хрыста. Ён спрабаваў пісаць, заціснуўшы аловак зубамі, – не выйшла. Бацькі купілі яму машынку – не атрымалася. Заставалася адна надзея – камп’ютар. У яго даволі мяккая клавіятура, можна будзе на літары націскаць носам. Толькі дзе ж узяць тую разумную машыну? За сціплую пенсію бацькоў яе не купіш. Але свет не без добрых людзей. І аднойчы хрысціянін з Галандыі, які не раз гасціў у Сяргея, прывёз з сабою старэнькі камп’ютар, які для Сяргея аказаўся бясцэнным падарункам, палажыўшым пачатак да творчай дзейнасці, да Вялікай Паэзіі.
Дакрананне да душы Паэта
Спачатку ён асвойваў гэты цуд тэхнікі. Літаральна суткамі, самастойна, па кнігах спасцігаў камп’ютарныя прамудрасці. А потым, як заварожаны, сядзеў ля манітора і набіраў носам рыфмаваныя радкі, якія нябачным скарбам жылі ў яго душы.
Бацька з болем у сэрцы назіраў за пакутлівай працай сына і аднойчы прыдумаў для яго прыстасаванне, дзякуючы якому набор тэкстаў значна аблягчыўся. На галаву Сяргея быў надзеты абруч з доўгай металічнай указкай – і справа пайшла намнога хутчэй.
Яго першыя вершы былі далёкімі ад дасканаласці. Але Сяргей не падаў духам. Ён уважліва прыслухоўваўся да крытыкі, часам па некалькі дзесяткаў разоў перапраўляў, удасканальваў і набіраў, набіраў, набіраў... Паволі і цярпліва, літара за літарай, не раз паліваючы клавіятуру потам і слязьмі.
З таго часу прайшло роўна дзесяць гадоў. Невялікі тэрмін для творчай дзейнасці. Але... Сёння імя Сяргея Сапоненкі ведаюць далёка за межамі роднага Гомеля і нават Беларусі. Ён піша вершы, прозу, навэлы. Яго творы пераведзены на французскую, англійскую, нямецкую мовы. Сяргей вядзе перапіску з цэлым светам, жыве поўным жыццём, падаючы прыклад неверагоднай мужнасці, сілы духу, цярпення і любові да бліжняга. І тым, хто, як ён, па волі лёсу аказаўся адарваным ад жыцця, замураваным хваробай у чатырох сценах, і тым, хто мае здаровыя рукі і ногі, але па нейкім прычынам згубіўся ў жыццёвых лабірынтах, не мае сілы знайсці дарогу да святла, да надзеі і веры. У мінулым годзе пра Сяргея Сапоненку быў зняты дакументальны фільм “Я просто живу...”. Гледзячы гэты фільм, не ўзнікае пачуццё жалю, як гэта бывае, калі бачыш пакалечанага лёсам чалавека. Спачуванне – так! А яшчэ неверагоднае жаданне прыблізіцца да яго, стаць сябрам.
Галоўнымі анёламі-ахоўнікамі Сяргея па-ранейшаму застаюцца маці і бацька – Любоў Іванаўна і Іван Ігнатавіч – добрыя, шчырыя, сціплыя людзі. Гэта яны з маленства вучылі сына не здавацца бядзе, пераадольваць любыя цяжкасці і безаглядна дараваць крыўды. Гэта з іх адданых, любячых сэрцаў ён чэрпае прагу да жыцця і неверагодны аптымізм. Гэта свае плечы яны падстаўляюць вось ужо амаль 40 гадоў, каб аблегчыць непасільную ношу сына. Гэта ў сабе яны носяць яго боль і пакуты, гэта яны яго падтрымліваюць, суцяшаюць, усяляюць надзею. А яшчэ сястра Людміла і пляменніца Таня. Яны таксама заўсёды побач, дорачы яму сваё цяпло і любоў. Таццянка, яшчэ будучы зусім маленькаю, на прапанову пагуляць з сяброўкамі адказвала, што найлепшая “сяброўка” для яе – дзядзька Сярожа, і найбольш часу праводзіла менавіта з ім. І сёння, стаўшы ўжо дарослай дзяўчынай, Таццяна па-ранейшаму лічыць яго сваім самым надзейным сябрам, дарадчыкам, цэніць кожнае яго слова і, як у маленстве, дзеліцца з ім сваімі таямніцамі. Сяргей жа штодзённа моліць Бога, каб бярог яго родных людзей, каб паслаў ім сваё благаславенне, каб жылі яны доўга-доўга...
Настае новы дзень. Яркі ранішні праменьчык абуджае Сяргея сваім лёгкім дотыкам. Ён усміхаецца і адкрывае вочы. А ўжо праз нейкі час бацька надзявае яму на галаву абруч і ўключае камп’ютар. У пакоі цішыня. Чутно толькі, як цікае гадзіннік на сцяне. А потым настае хвіліна, калі з блакітнай вышыні да Сяргея апускаецца Муза. Нараджаюцца радкі, якiя праслаўляюць Бога, прызываюць да дабрыні, да веры, да любові. Радкі, прысвечаныя восені, вясне і... каханню. І няхай яно прайшло побач, толькі абдаўшы сваім гарачым дыханнем, яно ўсё ж было! А можа стацца яшчэ і будзе! І тады народзяцца новыя вершы, і жыццё пачнецца спачатку.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.