Разважанні пра Царкву
Разважанні пра Царкву
Просмотров: 2029 | Голосов: 2 | Рейтинг: 2 |
-2 -1 0 +1 +2   

 Алесь Спіцын. Праваслаўны хрысціянін (прыняў хрышчэнне ў імя Госпада ў 1989 годзе). Скончыў біялагічны факультэт БДУ і аспірантуру НАН Беларусі. Вывучаў тэалогію ў Маскоўскім Свята-Філарэтаўскім інстытуце. Выкладае біялогію і эканоміку ў свецкіх навучальных установах. Адказны за брацкую школу. Вядзе прадметы “гісторыя хрысціянства на Беларусі” і “гісторыя хрысціянскай місіі”. Бярэ ўдзел у служэнні царкоўна-прыходскай школы (для дарослых). Аўтар шэрагу навуковых і літаратурных публікацый, у тым ліку зборніка паэзіі “Цені верасоў”.

 Мы вырашылі задаць Алесю некалькі пытанняў аб стане сучаснай царквы і аб узаемаадносінах паміж праваслаўнымі і пратэстантамі, таму і запрасілі яго ў нашу гасціную.

 Разважанні пра Царкву

 –Ахарактарызуйце, калі ласка, этап, на якім знаходзіцца царква сёння.

 – Вельмі цяжка ахарактарызаваць той этап, на якім ты жывеш сам у дадзены момант. Для таго каб нават выдзеліць нейкі гістарычны этап, неабходны нейкі абсяг – веданне таго, што было перад і што будзе пасля. Гэты абсяг носіць назву “гістарычная перспектыва”. Аднак мы не можам сабе дазволіць не ацэньваць СТАН царквы.

Мяркую, што царква сёння знаходзіцца ў звычайным, можна нават сказаць нармальным для свайго гістарычнага існавання стане. Гэта стан найглыбейшага крызісу. Такія словы не павінны пужаць, але мусяць добра ўсведамляцца. “Крызіс” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “суд”. І сёння, як і заўсёды, час пачацца суду з дома Божага (1Пятра 4:17). Д’ябал калісьці прасіў сеяць нас – вучняў Госпада – як пшаніцу (Лука 22:31). Ён не пакідае гэтага намеру і зараз. Таму кожная эпоха выпрабоўвае царкву на стойкасць. Выпрабоўвае па-свойму – жорстка альбо падступна, – але выпрабоўвае. Як кажа вядомы гісторык і даследчык хрысціянскай місіі Д.Бош: “Царква заўсёды знаходзіцца ў стане крызісу, але праблема ў тым, што яна не заўсёды ўсведамляе гэта”. А ўсведамляць гэта вельмі важна, бо крызіс (альбо суд) – гэта выяўленне дабра і зла, адрозненне добрага ад кепскага, пшаніцы ад кукалю. Выяўленне і адрозненне найперш у сабе саміх, у сваёй супольнасці, у сваёй царкве, бо большая частка праблемаў кожнай царквы зыходзіць не ад свету і нават не ад духаў злосці паднябеснай, а ад саміх тых, хто складае гэтую царкву – ад нас з вамі, бо кожны выпрабоўваецца, захапляючыся і падманваючыся ўласнымі пажадамі (Якуба 1:13). Калісьці пераследнік хрысціянаў імператар Юльян Адступнік (былы дыякан царквы, між іншым) загадаў выпусціць усіх арыштаваных вызнаўцаў веры з турмаў са словамі: “Ніхто не зробіць хрысціянам шкоды большай, чым самі хрысціяне”. Гэта ён зрабіў, калі даведаўся, колькі паміж хрысціянамі існуе розных спрэчак і падзяленняў і самае галоўнае – наколькі носьбіты розных меркаванняў ненавідзяць адзін аднога. Аднак хіба не застаецца фраза Юльяна актуальнай і сёння?

Балюча азываецца грахоўная спадчына эпохі рэлігійных войнаў, калі хрысціянства падзялілася на канфесіі. Трэба падкрэсліць: не проста раскалолася (гэткае здаралася і ў часы першых хрысціянаў), а менавіта падзялілася на канфесіі, значыць – на веравызнанні (калі перакласці слова “канфесія” з лацінскай мовы). Парадаксальна: замест аднаго хрысціянскага веравызнання з’явілася як быццам тры – хрысціянства “па версіі” праваслаўных, хрысціянства “па версіі” пратэстантаў і хрысціянства “па версіі” каталікоў…

Такім чынам, зямная, гістарычная царква хаця і працягвае заставацца алябастрам для ласкі Духа Святога, гэты алябастар пакрыты шматлікімі глыбокімі расколінамі, так што ў ім цяжка забачыць штосьці цэлае. Такая сітуацыя на мове праваслаўнай эклізіялогіі называецца “падрыў кафалічнасці”. Царква, заснаваная Госпадам, — гэта царква кафалічная (у перакладзе з грэчаскай – “саборная” ці больш правільна “суцэльная”, “адпаведная цэламу”). Мы ўсе вызнаем яе менавіта такой у Нікея-Канстанцінопальскім сімвале веры, а на практыцы назіраем зусім іншае. І хочацца запытацца разам з апосталам Паўлам: Хіба падзяліўся Хрыстос? (1 Карынфянам 1:13). І варта адказаць: канешне не! Але што рабіць з нашымі падзяленнямі?.. Розныя людзі рэагуюць на сітуацыю па-рознаму. Некаторыя (у нашай краіне такіх, падаецца, большасць) проста заяўляюць, што іх канфесія і ёсць тая самая кафалічная царква, а ўсе астатнія – проста раскольнікі ды ерэтыкі, альбо наогул – няверуючыя. Такіх людзей стае і сярод пратэстантаў, і сярод праваслаўных, і сярод каталікоў. Займаць гэткую “ястрабіную” пазіцыю прасцей за ўсё, але для будучыні хрысціянства гэта – тупік. Тым больш ні пра якую сумесную місію гаварыць тады не прыходзіцца.

Іншая крайнасць – не заўважаць ніякіх падзяленняў, не бачыць праблемы, не пераадольваць яе, а проста праходзіць міма. Хрысціяне, якія так сябе паводзяць вельмі часта, не даюць сабе працы наогул належаць да якой-небудзь царквы – а гэта, як мінімум, духоўная безадказнасць. Рэальна набліжаюць гэтую праблему да вырашэння толькі тыя, хто ўсведамляе падзяленне канфесій як раны на Целе Хрыста і гатовы несці гэтыя раны, як свае, і шукаць шляхі іх ацалення.

Іншая бяда сучаснай царквы таксама досыць даўняя, але зараз яна абвастраецца, як ніколі. Гэта размыванне межаў царквы. Фактычна сённяшняя постмадэрновая псеўдасвабода дазваляе назваць хрысціянствам усё што заўгодна. І хто заўгодна можа назваць сябе хрысціянінам і пры гэтым што заўгодна рабіць. Вось і атрымоўваецца лухта накшталт, маўляў, “я не хрышчоны, але праваслаўны, таму што люблю чытаць Дастаеўскага”, ці “я гомасэксуаліст, і гэта не замінае мне быць евангелічным пастарам”, альбо “я швед, значыць, я лютэранін” і гэтак далей. Варыянтаў такога псеўдахрысціянства можа быць безліч. І зараз перад цэрквамі ўсяго свету, нават так – перад сусветнай царквой, – стаіць задача строгага захавання сваіх межаў. Задача пазбягаць граху. Задача мудрасці і стойкасці. Амаль кожнае праваслаўнае богаслужэнне ўтрымоўвае ў сабе прашэнне “аб міры ва ўсім свеце, аб стойкасці святых Божых цэркваў і за злучэнне ўсіх”. Да падобнай малітвы хацелася б заклікаць усіх беларускіх хрысціянаў. Да малітвы, якая б выражалася не толькі ў слове, але і ў добрай волі ды рэальным дзеянні.

 –Часта ў гутарцы з вернікамі можна адчуць настальгію па часе першаапостальскай царквы. Як вы думаеце, ці магчымае вяртанне царквы ў яе першапачатковы стан?

 – Настальгія па нейкім пэўным часе, як і па нейкім пэўным месцы, – гэта вельмі шкоднае для хрысціянаў пачуццё. Шкоднае таму, што захінае ад чалавека надзённыя праблемы і патрэбы, дазваляе жыць казкай пра нейкі “залаты век”. Гэта нагадвае стан народу Божага ў Егіпце, маўляў “у нас былі прабацькі і ў нашых прабацькоў быў Бог” – не ў нас, а ў прабацькоў. Царква, якая жыве мінулым (не важна, якім менавіта мінулым), аказваецца няздольнай адказваць на бягучыя выклікі і рызыкуе стаць нячулай да вядзення Духа.

Хаця шмат якія рэчы паўтараюцца і без намаганняў. Асабліва кепскія. Чытаеш і думаеш: “Госпадзе памілуй! Як гэта ўсё падобна! Спрэчка Паўла і Варнавы, пасля якой яны раз’ехаліся ў розныя бакі, карынфскі крывасмеснік, які нікога не хоча слухаць, неўтаймоўныя дробязныя законнікі і, наадварот, страціўшыя трымценне весялуны: гэта ж усё тут, у царкве адбываецца, побач, зараз. І ты сам удзельнічаеш у гэтым часта і кімсьці з іх бываеш”. Важна, каб мы Дух Божы пераймалі ў таго часу, вернасць, напружанасць у чаканні Хрыста, якую мы часта трацім. А формы... Дух знойдзе сабе форму. Канешне, аднаўленне формы юдэя-хрысціянства першага стагоддзя ўжо немагчымы. Хаця б таму, што няма іерусалімскай святыні. Там даўно мячэць стаіць.

 –Чытачам нашага часопіса будзе цікава даведацца, ці ёсць у праваслаўі такое паняцце, як “евангелізацыя”?

 – Так, безумоўна, такая з’ява, як евангелізацыя, існуе ў праваслаўнай царкве. Толькі зазвычай называецца па-іншаму. Панятак “евангелізацыя” падзяляецца паміж паняткам “місія” і “катэхеза”. Місія – гэта пропаведзь хрысціянства няверуючым альбо паганцам, а катэхеза – гэта настаўленне ў хрысціянскай веры і жыцці перад прыняццем хрышчэння.

Існуе памылковая думка, што праваслаўная царква місіянерскі пасіўная. Гэта не так. Місія, як знешняя (вонкі хрысціянскага свету), так і ўнутраная (унутры хрысціянскага свету), не прыпынялася нават у самыя цяжкія часы. Наследуючы місіянерскім традыцыям старажытнай царквы, праваслаўныя місіянеры былі хрысціянскімі першапраходцамі ў Сібіры, на Алтаі, у Манголіі, у іншых рэгіёнах Далёкага Усходу. Менавіта праваслаўныя місіянеры першымі аднавілі ўшанаванне Праўдзівага Бога на берагах Японіі на золку эпохі Мэйдзі пасля амаль двухсотгадовага перапынку. Калі пратэстанцкія місіянеры дасягнулі ціхаакіянскага ўзбярэжжа Амерыкі, яны са здзіўленнем сустрэлі там індзейцаў-хрысціян, ужо навернутых рускай праваслаўнай царквою. Місіянерская праца працягваецца і зараз.

 –Як вам бачыцца будучыня ўзаемаадносін трох асноўных хрысціянскіх канфесій у Беларусі: праваслаўнай, каталіцкай і евангелістаў?

 – У мяне няма пэўнага аб’яўлення на гэты конт. Зразумела, што ўсе хрысціяне мусяць праявіць стойкасць перад спакусамі гэтага свету і ўмацоўвацца ў сваім асвячэнні. Гэтак жа неабходна пільна ахоўваць межы царквы ад граху, пазбягаючы ў тым ліку пазіцыі “пазацаркоўнага хрысціянства”, гэтакага безадказнага псеўдаэкуменізму. Дыялог паміж канфесіямі можа весціся толькі з глыбіні рэальнага царкоўнага досведу, набытага ў рэальнай гістарычнай царкве Хрыстовай, з глыбіні сваёй традыцыі, калі хочаце. Але рухавіком гэтага дыялогу мусіць быць любоў да ўсіх братоў і сёстраў ува Хрысце. Калі для знешніх мае моц запаведзь: кто напоіць вас кубкам халоднай вады за імя Маё, таму што вы Хрыстовыя, праўдзіва кажу вам – не страціць сваёй узнагароды (Марк 9:41), то наколькі мы з вамі, будучы вернымі, мусім захоўваць гэтую запаведзь адзін адносна аднога?

Бліжэйшая задача, на мой погляд, заключаецца ў місіі збірання: у тым, каб хрысціяне проста даведаліся адзін аб адным. Нашая бяда ў тым, што мы ведаем адзін пра аднаго паводле чутак, альбо домыслаў, альбо няўдалага чыягосьці досведу. Гэтыя чуткі і домыслы, памножаныя на культурную розніцу, малююць жыццё іншых хрысціянаў у змрочных, ледзьве не пякельных танах. Адсюль і выходзіць, што, з пункту гледжання многіх евангелічных хрысціянаў, праваслаўныя – гэта малаверныя напаўпаганцы, зацікаўленыя толькі знешнім культам; а з пункту гледжання праваслаўных хрысціянаў пяцідзесятнікі – гэта ганарлівыя сектанты, якія не даюць сабе працы змагацца з грахом, людзі, што жывуць у легкадумнасці і самападмане. Калі ж адбываецца сустрэча, сапраўдная сустрэча, то аказваецца, што абодва гэтыя меркаванні не адпавядаюць рэчаіснасці. Аказваецца, што і тыя і іншыя – гэта хрысціяне, якія вядуць хрысціянскі лад жыцця. Як ні дзіўна!

Я не заклікаю зараз усіх ісці і знаёміцца з досведам іншых канфесій. На гэтае таксама патрэбнае пакліканне. І мы мусім маліць Госпада, каб ён даслаў такіх людзей, якія, падобна апосталу Паўлу, здолеюць стаць усім для ўсіх, застаючыся пры гэтым самімі сабою, застаючыся Хрысціянамі, належнымі да рэальнай, гістарычнай царквы. Мы мусім маліцца і быць гатовымі роўна да таго, што Гаспад пашле на гэтую службу нас, як і да таго, што Ён пашле на гэтую службу іншых.