Просмотров: 2210 | Голосов: 0 | Рейтинг: 0 | |
Жыццё пад Божай міласцю.
Спяшаюся на сустрэчу з нашым зямляком, які сёння жыве ў Канадзе. У яго жыцці было шмат розных выпадкаў, і ён мае што расказаць.
Невялікі дамок на рагу дзвюх вуліц. З веснічак выходзіць пастар адной з маладзечанскіх цэркваў Міхаіл Піліпавіч Такарэвіч і звяртаецца да мяне: «Ты не памыляешся, табе сюды». Ён жа і знаёміць з Паўлам Раманчыкам. У канадскага госця насычаны распарадак дня: служэнні, сустрэчы са знаёмымі і роднымі. Нялёгка выкраіць нават паўгадзіны, аднак нарэшце дазвол атрыманы і мы праходзім у залу. Сядаем на лаву, і я пачынаю з найбольш цікавага для мяне пытання.
– Павел Пятровіч, раскажыце, калі ласка, як пачулі Добрую вестку ў вашай роднай вёсачцы Гервелі?
– Даўно гэта было. У 1934 годзе да нас упершыню прыйшла невялікая групка веруючых ( Станіслаў Нядзведзкі; Антон Ключнік; Ільюк Казак; Ігнась, Анюта і Феня Маціеўскія) і правяла служэнне. Праз два тыдні дабравеснікаў было ўжо чалавек дванаццаць і жадаючым слухачам раздалі Евангеллі (узяў Слова Бога і мой бацька).
Доўгімі вечарамі па хатам збіраліся ледзь не ўсе аднавяскоўцы: спявалі хрыстіянскія песні і чыталі ўголас Біблію. Мая маці заўсёды брала мяне з сабою. Я быў яшчэ дзіцем, але разам з іншымі паўтараў разделы Святога Пісьма; яны так урэзаліся ў маю памяць, што я і сёння памятаю іх.
Веруючых і тых, хто сімпатызаваў ім, станавілася ўсё больш, і некаторым гэта не падабалася. Памятаю адно здарэнне. Праваслаўны свяшчэннік даў 10 злотых п’яніцам, каб яны пабілі баптыстаў. У адзін з вечароў, калі прыйшлі браты адведаць нас, дом акружылі падвыпіўшыя людзі. Пачалося са злых выкрыкаў, затым пайшлі ў ход калы і камяні – пасыпаліся шыбы. Затрашчалі пад ударамі дзверы. У хаце самыя розныя людзі трымалі абарону. Сястёр пахавалі ў каморку, дзе яны прасілі Бога аб дапамозе…
Крыху пазней камендант пастарунка паліцыі з Ракава даносіў у Маладзечанскі павет у месячным дакладзе: «...Сярод жыхароў вёскі Гервелі вынікла разнадумнасць з поваду распаўсюджвання і агітацыі са стараны прыхільнікаў секты баптыстаў. Потым ноччу з 19 на 20 студзеня на зборы баптыстаў у хаце Адама Майсіновіча здарылася досыць сур’ёзная бойка паміж баптыстамі і люднасцю праваслаўнага вызнання. Вінаватыя пакараны...» *
– Аднак, не гледзячы на перашкоды, на пачатку 1935 года сем душ прыняло воднае хрышчэнне – так і нарадзілася царква. Расла яна хутка і ў 1951 годзе налічвала ўжо 70 членаў.
Павел Пятровіч змоўк. Спяшаюся яшчэ з адным пытаннем.
– Кажуць, што першапачатковая пропаведзь Евангелля была “у яўленні духа і сілы” (1Кор. 2:4 ). Ці давялося Вам стаць сведкам якога-небудзь Божага цудау ў той час?
– У 1942 годзе на пачатку верасня завіталі ў нашу хату тры браты на чале з Нядзведзкім. Паставілі ровары на двары – і ў хату, адпачыць крыху. Гэта ж яны спяшаліся у Суднікі з Добрай весткай, а дарогі яшчэ 20 кіламетроў заставалася. Нядзведзкі да мяне звярнуўся: «Ну, што ты ведаеш? Што нам расказаць зможаш?» Я ўмомант выпаліў адзін верш напамяць, потым другі, трэці. Прапаведнік пахваліў мяне, даў нейкі гасцінец і кажа: «Збірайся, брат! З намі на дабравесце ў Суднікі паедзеш!»
Мне не трэба было паўтараць двойчы! Я ўмомант хапіў сумку, штаны лепшыя надзеў, кашулю белую, рукою віхор на галаве паправіў: «Я гатоў!» Маці ўмяшалася: «Куды гэта гатоў?» «На пропаведзь!» – адказваю. «Ах ты, мурза! – пасумавала маці. – Ідзі памыйся і на печ бягом!» Адразу навярнуліся слёзы, але што ты супраць маці скажаш. Выратаваў Станіслаў Нядзведзкі. «Сястра Вольга, няхай ён з намі паедзе», – гаворыць. Яна рукі ў бокі: «А на чым жа ён «паедзе»?» – пытае. Пастар проста адказаў: «А са мною на ровары».
Вось мы і ў дорозе. Для мяне ўжо адно гэта цудам было – я пакінуў дом і еду недзе далёка! Лясы змяняліся палямі, а Станіслаў расказвае, як Бог усё гэта стварыў. У мястэчке Ракаве я ўпершыню ўбачыў прыгожыя каменныя дамы, мельніцу – рака вялікія колы круціць. Цікава!
Пры заходзе сонца нарэшце дасягнулі сваёй мэты. Заходзім ва двор, а там людзі бегаюць, мітусяцца. З гаспадаром хаты Ўладзімірам Ключнікам бяда здарылася. Сыны яго дровы рэзалі, а ён калоў. Сякера адскочыла – і па назе, рана аж да касці, кроў цурком льецца! Хутчэй закруцілі анучай нейкай, а далей што? Доктар патрэбен, а ён толькі ў Івянцы, за дзесяць кіламетраў. А час які? Вайна. І хуткай дапамогі тады не было, ды і наогул ніводнай машыны ў ваколіцы!
Прынеслі параненага ў хату і паклалі на ложак. Стаяць усе, раяцца, што далей рабіць. Нядзведзкі ціха так кажа: «Трэба Бога папрасіць, каб дапамог нам, а далей пабачым». Укленчылі і пачалі маліцца. А я цікую ўпотай. Усклаў прапаведнік руку на балючую нагу і коратка кажа: «Усемагутны Божа! Ты бачыш бяду гэту. Яві міласць, пашлі ўсцаленне. Уся сіла у Цябе і Ты ўсё можаш!» Потым прагаварылі «Ойча наш» і ўсталі с кален. Людзі зноў загаманілі – нельга марудзіць, скарэй везці трэба. Станіслаў і гаворыць: «Добра, але найперш трэба рану абмыць, а ужо тады далей справу рабіць». Паслухаліся і пачалі асцярожна рану раскручваць, – дзіва, але кроў не сочыцца. Знялі і ўбачылі толькі чырвоны рубец – сіла Бога рану загаіла! Вы і ўявіць сабе не можаце, як гучалі словы падзякі ў той вечар. А колькі жыхароў Суднікаў вырашыла прымірыцца з Богам і служыць Яму.
Пасля вяртання адзін з братоў, Антон Ключнік, падарыў мне Чатырохевангелле. Калі толькі я браў гэту кніжачку ў рукі, памятаў, што Бог можа зрабіць усё, аб чым ні папросіш.
Праўда, таго дарагога падарунка цяпер са мною няма – адабралі падчас службы ў войску.
– Адкажыце, ці даводзілася Вам прасіць Бога аб дапамозе, выкарыстоўваючы свой цудоўны вопыт?
– Так, і нават даволі часта. У першы раз я падлеткам быў. Вайна скончылася, і ўся дзятва пасела за парты. А якая ж вучоба дагэтуль была? Вучыцца я пачаў у польскай школе, пасля 1939 года ў рускай (але на клас менш прынялі). Скончыў трэці – вайна пачалася. Пры немцах хадзіць у школу прымушалі, аднак гэту вучобу ў савецкай школе не залічылі. Пасля Перамогі з горам папалам скончыў пачатковую 4-гадовую школу, праўда, пасведчанне мне так і не далі. У пяты клас залічылі ў Ракаўскую школу (хадзілі пешшу за сем кіламетраў).
Неяк аднаго дня настаўнік затрымліваўся, а я выйшаў на двор да патрэбы. Вяртаюся, а ў памяшканні вэрхал: парты перавернуты, крэслы валяюцца, а на дошцы брыдкія вершыкі на ваенрука – дзетдомаўцы паклапаціліся! Прыйшоў дырэктар, і пачалося дазнанне. Няма вінаватых, усе аднекваюцца, а мо хто і ведаў, ды сказаць баяўся. Дайшла чарга і да мяне.А мая кандыдатура найлепш падыходзіла на «злачынцу»: пасведчання аб чатырохлетцы не меў, у камсамол не ўступаў, сектантам лічыўся. Накінуўся дырэктар, бы каршун, што гэта маіх рук справа, што я іду супраць савецкай улады і выключыў са школы.
Крыўдна мне стала, але дзе ж ты ў людзей праўду адшукаеш. А тут яшчэ і хвароба падышла, больш трох месяцаў пралячыўся ў шпіталі. Колькі ляжаў, кожны дзень звяртаўся да Бога за дапамогай. Адказ з неба прыйшоў хутка. Толькі вярнуўся да хаты, як завітаў хлопец з суседняй вёскі. «Павел, – кажа, – прыходзь у школу, начальства клікае». Падумаў я: выганялі – дык перад усімі з гэткім пазорам, а клічуць – употай, і не пайшоў. Праз пару дзён сам дырэктар з завучам з’явіліся прабачэння прасіць. (Прыслалі ім паперу з Міністэрства адукацыі, што, калі я пяты клас не скончу, дырэктара аддадуць пад суд за перавышэнне паўнамоцтваў.) Вось так з дапамогай Госпада і адвучыўся.
З кухні чуюцца незадаволеныя галасы – выйшаў адведзены нам час. Вось я і спяшаюся з апошнім пытаннем.
– Якое здарэнне найбольш паўплывала на ўвесь Ваш далейшы лёс?
– У 1961 годзе мой сусед Эдуард Булах адыходзіў у войска, і ўся моладзь нашай царквы сабралася на развітальны вечар. Мы не ведалі, што супраць хрысціян спланавана акцыя. Эдіка вызвалі у ваенкамат (быццам бы да патрэбы) і не адпусцілі дахаты. Мы доўга чакалі, а потым пачалі служэнне.
Раптам дзверы расчыніліся і зайшлі прадстаўнікі ўлады: неікі высокі міліцэйскі чын з Маладзечна, пракурор Пётух, дырэктар Дубраўскага спіртзавода Станкевіч, парторг Гадзееў, завуч школы і іншыя. Я ў той час узносіў малітву і быў запісаны, як старшыня нелегальнага з’езду пяцідзесятнікаў. 12 і 13 лютага 1962 года ў клубе па вуліцы Маркава ў Маладзечне адбыўся паказальны суд. Я быў асуджаны па арт. 222 КК БССР за ўцягванне моладзі ў секту пяцідзесятнікаў, забароненную законам. Гаспадар хаты, Булах Пётр, атрымаў тры гады (за прадастаўленне месца). Яго з жонкай пазбавілі бацькоўскіх правоў і адабралі дзяцей. Пётр адбываў тэрмін у Мінску, а я – ў Ваўкавыску.
Сёння цяжка нават уявіць, які жах і крыўда апанавалі мяне. Але мой Бог не пакінуў мяне і ў турме. Калі я быў яшчэ ў Вілейцы ў чаканні выканання прысуду, пачуў у сне голас: «Не бядуй! Гэта тэрмін чалавечы, не Мой. Ты не будзеш сядзець пяць год!» Дык і праўда, выйшаў я датэрмінова ( праз 2 гады 9 месяцаў і 27 дзён).
Абывалі тэрмін разам са мною і два браты – Алег і Уладзімір з Украіны. Яны ўжо збіраліся дахаты – тэрмін іх зняволення заканчваўся, і я напісаў ім на ўспаміны цэлы сшытак сваіх хрысціянскіх вершаў. Аднойчы сядзім, размаўляем і чытаем вершыкі, як раптам ахоўнік вырваў паперы з маіх рук.
Праз пару тыдняў выклікаюць мяне ў аперчастку. Прыходжу, а там «высокія госці»: нам. начальніка лагераў БССР, зам. начальніка КДБ БССР, радактар газеты для асуджаных і нейкі «высокі чын» з Масквы. Пачалася «разборка». Дайшла справа і да вершаў. Масквіч і кажа мне, што яму падабаецца глыбіня і сэнс іх, аднак пісаць іх трэба наадварот. «Пагадзіцеся, а мы вас накіруем у інстытут журналістыкі, скончыце – увесь свет перад вамі будзе адчынены», – прапаноўвае. Я адразу зразумеў, што трэба ім, каб супраць Бога пісаў-агітаваў, але адказваю просценька: «Я ж не яўрэй, каб справа налева пісаць, не атрымаецца ў мяне». Усміхнуўся ён: «Э-э-э, я думаю, вы добра мяне разумееце». Адказаў я тады цвёрда: «Хто прывык пісаць злева направа, не зможа наадварот». Пераглянулася начальства, аднак адказ ім мой спадабаўся.
Бога я выбраў, Ён і дапамог мне датэрмінова са зняволення выйсці за добрасумленную працу. І заўсёды дапамагаў мне...
На жаль, на гэтым размова і скончылася, бо часу ў Паўла Пятровіча больш няма. А паслухаць ёсць шмат чаго: якія выпрабаванні дало жыццё пасля вызвалення, як пераехаў у Літву на жыхарства, як праследвалі за веру, як у час перастройкі сустракаўся з М. С. Гарбачовым, як удзельнічаў у рэабілітацыі наркаманаў і алкаголікаў.
Звяртаецца да мяне суразмоўца:”Выбачайце, але, калі вам цікава, можаце ў кніжцы маёй прачытаць”. ( Павел Романчик. Жизнь под Божьей милостью. Киев: Евангельский голос, 2005. )
* Дзяржаўны занальны архіў у г. Маладзечна, ф. 9, воп. 1, спр.402, л. 3.
Уладзімір Русецкі